Рэдактар крычаўскай газеты: У нашым РАУСе пануе атмасфера страху


Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька занёс у Міністэрства ўнутраных справаў чысты аркуш паперы. Гэтак апазіцыянер вырашыў прадэманстраваць сваё стаўленне да таго беззаконня, якое чыняць апошнім часам міліцыянты.

У прыватнасці, у Берасці ў час першамайскай акцыі людзей хапалі толькі за тое, што яны трымалі ў руках чыстыя аркушы паперы. Зрэшты, акрамя нагадвання пра правіны людзей у пагонах паперчына ад Лябедзькі – гэта і прапанова міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу напісаць рапарт ды падаць у адстаўку.

Што праўда, міністру зараз не да перформансаў. У Крычаве адзінаццаць мясцовых міліцыянтаў усцяж дамагаюцца справядлівасці ды спынення пабораў і абразаў у свой бок ад непасрэднага начальства.

Зрэшты, паводле Шуневіча, да якога ў пошуках справядлівасці пісалі ўзбунтаваныя праваахоўнікі, у канфлікце вінаватыя абодва бакі. Прынамсі гэта вынікае са службовага правярання, якое выявіла парушэнні дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў як з боку начальніка райаддзелу, гэтак і з боку яго падначаленых. У выніку, абодва бакі, прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.

«Вусіку (падпалкоўнік, які разам з калегамі звярнуўся да кіраўніка МУС – Заўв. Belsat.eu) яны могуць прапанаваць, каб ён больш не каментаваў справу ў незалежных медыях, а ўзамен паабяцаюць не ўзбуджаць крымінальную справу», – разважае ў эфіры праграмы «Гарачы каментар» рэдактар газеты «Вольны горад» Сяргей Няроўны.

Нагадем, што сёлета 11 крычаўскіх праваахоўнікаў распавялі ў сваім звароце да Ігара Шуневіча, што іх прымушаюць выконваць «план за злачынствах» і аддаваць прэміі кіраўніцтву. У звароце да міністра яны таксама напісалі, што неаднаразова сутыкаліся са знявагамі і кпінамі, несправядлівымі пакараннямі, неабгрунтаванымі, з гледзішча міліцыянтаў, пераводамі на ўзмоцнены варыянт нясення службы.

Больш у відэаматэрыяле!