ПраСвет РБ–РФ: закладнікі дзіўнай мяжы. «Звер з Усходу» адступае. Інтэрв’ю з М. Джэмілевым і Б. Здраеўскім. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Еўразвяз страціў цярплівасць да Беларусі, бо сітуацыя не паляпшаецца. Чаго Брусель чакаў ад мясцовых выбараў і чаго не дачакаўся? А таксама як крымскія татары лічаць кожны дзень расейскай акупацыі паўвыспы. У выданні – інтэрв’ю з Богданам Здраеўскім – галоўным палітыкам у справах Беларусі ў Еўрапейскім парламенце, а таксама з Мустафой Джэмілевым – лідарам крымскіх татараў, якога расейцы не пускаюць на Радзіму.

Як выжываюць беларусы і расейцы на самай дзіўнай мяжы ў Еўропе? Рэпартаж «Прасвету»

Аляксандр Лукашэнка называе мяжу Беларусі з Расеяй самаю дзіўнаю мяжой Еўропы. І, пакуль у Менску здзіўляюцца, Масква ў аднабаковым парадку пачынае ўсталяванне паўнавартаснага памежнага кантролю. Здымачная група «Прасвету» выехала на ўсходняе памежжа, каб высветліць, чым там жывуць беларусы ды расейцы і як на іх паўплывае стварэнне сапраўднай мяжы. Ігар Кулей і Зміцер Міцкевіч. Каментуе Андрэй Паротнікаў.

Чаму Еўрапейскі звяз працягнуў яшчэ на год свае санкцыі?

Інтэрв’ю Алеся Сіліча з Богданам Здраеўскім, кіраўніком дэлегацыі Еўрапарламенту ў кантактах з Беларуссю і былым міністрам культуры Польшчы, між іншым, пра тое, чаго дамагаецца ад яго беларуская апазіцыя.

«Звер з Усходу» адступае. Чаму «Газпром» хоча, каб Украіна замерзла, а яна ўпарта не замярзае?

У Еўропу прыйшлі неспадзяваныя маразы. У заходніх медыях катаклізм празвалі «Зверам з Усходу» ці «Сібірскім мядзведзем». Не толькі з увагі на тое, што арктычнае паветра прыйшло з Сібіры. Анамальныя тэмпературы істотна павысілі попыт і цэны на газ, што дазволіла расейскаму «Газпраму» пабіць чарговы рэкорд на еўрапейскім рынку. Як сітуацыя выглядае ў Кіеве, што нядаўна перамог у спрэчцы з «Газпромам» на каля 4,5 млрд долараў. Высвятляла Вольга Жарнасек.

Начны жах крымскіх татараў даўжынёю 4 гады

Выкраданні людзей, забойствы, крымінальны пераслед, вобшукі. Гэтак выглядае рэальнасць крымскіх татараў праз чатыры гады з пачатку расейскай аперацыі па адарванні ўкраінскага Крыму. 27 лютага 2014 года расейскі спецназ заняў урадавыя будынкі на паўвыспе, а ў сярэдзіне сакавіка адбыўся сумнавядомы рэферэндум, пасля якога Масква цалкам захапіла кантроль над аўтаномным рэгіёнам. З сітуацыяй не пагадзіліся не толькі ўкраінцы, але і крымскія татары, якія татальна не прынялі ўладу акупантаў. Што пра гэта думае Мустафа Джэмілеў ды што, паводле яго, правільна робіць Доналд Трамп, і дзе лідар крымскіх татараў хоча пабачыць Уладзіміра Пуціна – у інтэрв’ю Ганны Любаковай.

Глядзі таксама
Каментары