Гарачы каментар Разуменне экстрэмізму ў Беларусі і свеце – дзве розныя рэчы


Беларускія ўлады рыхтуюць праект закону, паводле якога правоз экстрэмісцкіх інфармацыйных матэрыялаў будзе карацца штрафам да Br 105 млн. У той час, як у беларускіх кнігарнях ды на кніжных кірмашах можна свабодна набыць расейскую шавіністычную літаратуру, да экстрэмісцкіх матэрыялаў праваахоўнікі залічваюць праваабарончую літаратуру ды фотаальбомы. Каментуе Андрэй Пачобут.Валер Руселік: Праект гэтага закона – рэакцыя ўладаў на рэаліі або праца на апярэджанне? Андрэй Пачобут: Гэта – рэакцыя на рэаліі. Пытанне ў тым, што ўлады лічаць экстрэмізмам. Экстрэмізмам могуць быць рэпартажныя фотаздымкі або творы публіцыстаў. Тое, што не падабаецца ўладзе або тое, што крытычна ставіцца да Лукашэнкі – гэта экстрэмізм. Чарговую ініцыятыву ўладаў трэба разглядаць у гэтым ключы.А як можна патлумачыць тое, што ўлады цкуюць усё не-рускае? Экстрэмісцкімі могуць прызнаць не толькі беларускія, але і польскія, літоўскія ды цяпер таксама і ўкраінскія друкаваныя матэрыялы? Улада сігналізуе, што яна – частка «рускага свету»?Улады маюць сілу і яны могуць абвесціць, што ёсць, на іх думку, экстрэмізмам, а што – не. Беларускае грамадства ведае, што тая антысеміцкая літаратура і тыя працы псеўдагісторыкаў, якія часта можна сустрэць на паліцах беларускіх кнігарняў, – будуць прызнаныя ў Еўропе экстрэмісцкімі. Беларуская ўлада экстрэмісцкімі іх не лічыць. Затое ў нас можа быць прызнаны экстрэмісцкім міжнародны рапарт пра выбары.Не варта блытаць сусветнае і беларускае разуменне экстрэмізму: гэта дзве розныя рэчы.Ці можна тлумачыць сітуацыю тым, што экстрэмісцкую літаратуру з Расеі ўлада талеруе, бо яна не замінае кіраванню Лукашэнкі?Ідэалагічна Лукашэнка – вельмі блізкі да «рускага свету». Таму яму дастаткова цяжка з гэтай зʼявай змагацца: гэта было б змаганнем з самім сабой.З іншага боку, гэта не азначае, што Лукашэнка пагодзіцца стаць нейкім губернатарам Расеі або быць выканаўцам волі Пуціна: тут ёсць канфлікт паміж Масквой і Менскам. І гэты канфлікт час ад часу дае пра сябе ведаць. Лукашэнка хоча быць самастойным гульцом.Ён у свой час хацеў быць кіраўніком Расеі, мы памятаем інтэграцыйныя ініцыятывы часоў Ельцына, калі Лукашэнка разлічваў, што ён здольны стаць кіраўніком Саюзнай дзяржавы. Калі да ўлады прыйшоў Пуцін, цікавасць Лукашэнкі да гэты інтэграцыйных працэсаў зменшылася, ён пачаў акцэнтаваць увагу на незалежнасці. Але ідэалагічна ён застаўся блізкі да «рускага свету».Гутарыў Валер Руселік

Глядзі таксама
Каментары