Разрыў паміж багатымі і беднымі ў Беларусі ўсё большы


За апошнія 20 гадоў намінальныя прыбыткі беларусаў выраслі ў 36 разоў. Але і выдаткі на месцы не стаялі. І хапае сярэдняму беларусу ўсяго на 134 г каўбасы на дзень, а не-сярэдняму – на палац у Драздах. Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі аналізуе, чаму мы не сталі жыць лепш, хоць зарабляем усе больш.

Памятаеце, як казаў вялікі камбінатар Астап Бэндэр, герой твору «12 крэслаў»? Калі ў краіне ходзяць грашовыя знакі, яны абавязаны запасіцца ў руках пэўных асоб! І назапашваюцца. Каму пашчасціла гадоў 40 і болей пражыць, той можа ўспомніць, што было там, дзе зараз каля кожнага гораду панскія палацы стаяць. Нічога такога не было.

Дзеля апісання падзелу грамадства на багачоў і галадранцаў вучоныя маюць вымяральны інструмент.

Завецца каэфіцыент Джыні, і чым бліжэйшы ягоны памер да адзінкі, тым больш няроўнасці ў краіне.

Дынаміка каэфіцыента Джыні ў Беларусі

З графіку вынікае, што паводле разлікаў узровень канцэнтрацыі прыбыткаў у Беларусі павольна змяншаецца.

Але не трэба думаць што ў выніку ва ўсіх стане пароўну. Бо змяненне можа ісці як праз узбагачэнне бедных, гэтак і праз збядненне адносна багатых і пашырэнне колькасці сераднякоў.

Давайце зірнем, напрыклад, на бедных. Бо калі ў краіне адбываецца ўздым, то іх доля ў сукупным прыбытку павінна ўзрастаць досыць хутка.

Доля самых бедных – 10 % у сукупным прыбытку

Увесь мой аптымізм не дапамагае лічыць прырост на 1,2 % за 20 год хуткім. Гэта і не прырост нават, а нейкая хібнасць вымярэння. Можа быць, сукупны прыбытак так хутка расце, што і малая доля ў ім дазваляе шыкаваць, як палкоўніку на пенсіі. Давайце праверым і гэтую гіпотэзу. І, дарэчы, ці не пакрыўдзіў я тутэйшых палкоўнікаў?

Мераць жа сукупны прыбытак можна ў два спосабы: фармальна статыстычны – праз намінальныя прыбыткі насельніцтва і аб’ектыўны – праз спажыванне даброт.

Рост намінальных грашовых прыбыткаў насельніцтва

Намінальныя прыбыткі, як бачыце, прырасталі кожны год на 1/3 да папярэдняга, і без малога за 20 год выраслі ў 36 разоў. Ва ўмоўных адзінках, бо з рублём былі такія прыгоды… Шчасцю насельніцтва перашкаджаў толькі рост рэальных выдаткаў, каторы і падзяляе грамадства па лініі: двухпавярховы катэдж у шыкоўным прыгарадзе – заканурак у бетонным блоку, добра калі свой.

Таму, каб не паглыбляцца ў бясплённыя дыскусіі пра паходжанне асабістых капіталаў, проста зірнем на розную каўбасу, што абяцалі беднаму народу героі нашага часу, калі рвалі наш сцяг на анучы.

Спажыванне некаторых харчовых прадуктаў

На першы погляд гаворка ідзе пра мяса, і ўсе, акрамя бедных, яго як елі, так і ядуць. Але гэта статыстычная ілюзія. Бо ў мясапрадуктах мяса, так бы мовіць, тэарэтычнае: вуха, горла, нос і г.д. Таму ўсё амаль атрымалася: няма сцягу, каўбасы – хоць ты задавіся ёй, сто гатункаў. Мяса – якое хочаш.

А вось прыбыткі – так і засталіся намінальныя: хапае бедным хіба на 134 грамы маласпажыўнага сурагату ў дзень.

Народзец праз тое ные, а начальства вучыць: хочаце жыць як у Еўропе, працуйце як у Еўропе. Хай бы яно яшчэ адкрыла нам сакрэт: чаму людзі, каторыя зарабілі начальству і дзеткам ягоным на палацы, сабе на нармальнае існаванне зарабіць не могуць. Мо вы ведаеце?

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Што трэба змяніць, каб мы сталі больш зарабляць?
  • Як не згубіць маёмасці ў грамадзянскім шлюбе?
  • Завод смярдзіць – людзі пакутуюць

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залескі, belsat.eu