Размова з гісторыкам і пытанне да беларусаў: чаму ўлады баяцца нашай гісторыі?


Напярэдадні ў Варшаве адбылася прэзентацыя кнігі гісторыка Ігара Мельнікава «Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава». Сам гісторык у нашай студыі.

– Што гэта за кніга, І чаму кожны беларус павінен яе чытаць?

Ігар Мельнікаў: Глядзець і чытаць. Гэта альбом, 12-я мая кніга. Яна ўтрымлівае больш за 500 унікальных фотаздымкаў, дакументаў, артэфактаў, якія прысвечаныя кожнаму году Другой сусветнай вайны і папярэдняму перыяду – міжваеннаму часу. Гэтую кнігу я рабіў на дзвюх мовах: па-беларуску і па-ангельску таксама, таму гэта кніга не толькі для беларусаў, але і для замежнікаў. Безумоўна, яна зробленая з беларускага пункту гледжання, і лічу, аб’ектыўна з пункту гледжання беларуса. Калі вайна пачалася і хто ў ёй удзельнічаў? Хто першым сказаў Гітлеру «не» і дзе беларусы змагаліся супраць нацызму? На гэтыя і іншыя пытанні дае адказ мая кніжка.

– А што ў гэтай кнізе можа быць нечаканага для чытачоў?

Унікальныя фотаздымкі. Напрыклад, беларусаў пад Млавай, якія змагаліся ў складзе 20-й пяхотнай дывізіі супраць нацыстаў. Гэта здымкі паламаных жэтонаў, гэта значыць, што чалавек загінуў – гэтыя жэтоны зараз у маёй калекцыі з прозвішчамі гэтых людзей. Гэта здымкі артэфактаў, што тычацца гэтай жа 20-й пяхотнай дывізіі, ці тая ж самая савецка-польская мяжа – унікальныя дакументы, дазволы, пашпарты, візы… Гэтых дакументаў не маюць нават вялікія музеі, бібліятэкі і архіўныя сховішчы…

Працяг размовы – у сюжэце.

Чаму ўлады так баяцца сёння нейкіх беларускіх гістарычных тэмаў, значна больш чым савецкіх ці расейскіх? Мы запыталі ў жыхароў Глыбокага.

belsat.eu