Расследаванне «Белсату»: як смеццевая мафія распільвае камунальны пірог


Карупцыя, якая сягае ў найвышэшыя эшэлоны ўлады. У чые кішэні сыходзяць грошы, якія мы плацім за паслугі ЖКГ і колькі мы насамрэч за іх плацім.

Беларусы плацяць за жыллёва-камунальныя паслугі тайтанней з усіх краінаў Еўропы пасля Расеі. Гэткая сітуацыя доўжылася на парацягу многіх гадоў, усутыч да леташняга. А якая сітуацыя цяпер?

Для параўнання мы ўзялі жыроўкі дзвюх тыповых кватэраў у Беларусі і Польшчы. У Менску жыроўка за чэрвень, з улікам электрычнасці, склала каля 80 рублёў, або 41 долар ЗША. У Варшаве – утрая больш.

«Газ, які спажывае ад Газпрому Польшча, ён даражэйшы, вядома, чым для Беларусі», – кажа старшыня «Абароны правощ спажыўцоў» Уладзімір Навасяд.

Але тое, што жыхары Беларусі атрымліваюць зніжку на электрычнасць, так бы мовіць, на халяву – ілюзія. Завышаная нагрузка па энергарэсурсах на прадпрыемствы зніжае іх канкурэнтаздольнасць і, адпаведна, здольнасць плаціць заробкі. у чэрвені, калі ў беларуса з сярэднестатыстычным заробкам, пасля выплаты падаткаў і камуналкі, заставалася на руках 330 долараў ЗША. То ў паляка – у два з паловай разы больш.

«У нас дзяржава кажа – мы вам датуем, вы плаціце 44%. Пытанне – адкуль бяруцца астатнія 55? А бяруцца акурат з ускосных падаткаў», – кажа Навасяд.

Між тым, жыроўкі ў Беларусі працягваюць даражэць. Цяпер нават субсідаваны беларускі тарыф для насельніцтва на электраэнергію – ужо вышэйшы, чым, напрыклад, украінскі. Міністр ЖКГ Беларусі Аляксандр Церахаў тлумачыць высокі сабекошт беларускай камуналкі тым, што яна перагружаная шматлікімі няпрофільнымі выдаткамі.

Каб прытармазіць рост тарыфаў ЖКГ для насельніцтва, Аляксандр Лукашэнка правёў у мінулым месяцы нараду аб рэвалюцыйнай, паводле яго слоў, рэформе, ЖКГ.

Цягам найбліжэйшых двух гадоў улады плануюць зрабіць дзве рэчы. Па-першае – ачысціць сістэму Жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад няпрофільных актываў, такіх, як санаторыі, падшэфныя калгасы ды спартовыя каманды. Па-другое – раздзяліць функцыі заказніка паслуг і іх выканаўцы.

Такім чынам, жыхары Беларусі, па-ранейшаму плацяць за камуналкі менш, чым нашыя заходнія суседзі. Але гэта – не халява. Гэтыя субсідыі дзяржава забірае ў нас пры дапамозе зніжэння заробкаў і падаткаў.

Прычым, забірае нашых грошай значна больш, чым вяртае ў выглядзе субсідыяў. Для параўнання, у сярэднестатыстычнага паляка, пасля выплаты камуналкі ды падаткаў, нават з улікам платнай медыцыны і дарагога паліва ды нерухомасці, застаецца на руках у чатыры разы больш грошай, чым у беларуса, пры тым, што ежа і вопратка ў Польшчы каштуе танней. Між тым, нават у абсалютных лічбах, беларускія тарыфы на камуналку, паводле некаторых катэгорыяў, ужо абганяюць, напрыклад Украіну. Там тарыф на электраэнергію для насельніцтва ў Кіеве – на чвэрць меншы, чым нават субсідаваная стаўка на электрычнасць для менчукоў.

Штопраўда, улады, нарэшце, спахапіліся і вырашылі ўсур’ёз узяцца за рэформу ЖКГ і нават ужо ўзяліся. Але гэтыя высілкі, збольшага, разбіваюцца аб карупцыю, якая вядзе ў найвышэйшыя эшалоны ўлады.

Рэформа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у справе раздзялення функцый заказніка і выканаўцы, пачалася, яшчэ летась.

«Мы стварылі незалежнага заказчыка, які, на канкурэнтнай аснове адбірае дастаўцаў паслуг. Неабавязкова, дзяржаўнага. Можна, з другога гораду», – казаў мэр Менску Андрэй Шорац.

З мінулага году дзяржава пачала выстаўляць тэндары, на, напрыклад, прыборку падʼездаў. Многія тэндары павыйгравалі прыватныя кампаніі Аддаваць прыборку на аўтсорсінг прыватнікам пачалі і іншыя дзяржаўныя арганізацыі. Гэтак, сёлета аддзяленне Беларускай чыгункі ў горадзе Лунінец заключыла дамову аб прыборцы сваіх офісаў з прыватнай кампаніяй “Чысты свет». Паводле дакументацыі, размешчанай на афіцыйным сайце дзяржзакупаў, прыватнік пагадзіўся прыбіраць прасторы плошчай амаль 3 тысячы квадратных метраў па цане 26 рублёў за адну прыборку. Адмыслоўцы ў галіне клінінгу тлумачаць – такая цана – ня проста маленькая, а нерэальна мізэрная.

«За 26 рублёў я ня ведаю як можна знайсці людзей, нават у Лунінцы, якія б гэта рабілі якасна», – кажа саўладальнік кампаніі «Чысты кіт» Іван Шыла.

У чым жа сэнс такога бізнесу? Прадстаўнікі Чыстага свету кажуць, што яны адмыслова пакуль працуюць у мінус, каб зарэкамендаваць сябе і замацавацца на рынку.

Але, як выявілася, усё тлумачыцца значна прасцей. Летась супрацоўнік берасцейскай чыгункі Аляксандр Клачкоў, адказны за ачыстку вагонаў у сваім дэпо, разбіраючыся ў паперах, выявіў, што, праз 20 дзён пасля таго, як яго ўстанова заключыла афіцыйную звышвыгодную здзелку з Чыстым светам, начальнік берасцейскага ўчастка Беларускай Чыгункі Аляксандр Афанасьеў падпісаў з гэтай кампаніяй дадатковае пагадненне, паводле якога тарыф з нерэальна малога стаў ужо нерэальна высокім.

Нягледзячы на адкрытыя пагрозы Афанасьева аб звальненні, Клачкоў напісаў аб гэтым у пракуратуру. Пасля чаго, як яго і папярэджваў начальнік, на свядомага супрацоўніка пасыпаліся дысцыплінарныя вымовы, якія закончыліся звальненнем. У выніку гісторыя закончылася добра. Клачкоў, праз суд, дамогся свайго аднаўлення на працы. Але Афанасьеў, за ценявую здзелку з падрадчыкам, атрымаў ад пракуратуры толькі папярэджанне за «стварэнне ўмоваў для карупцыі». А «Чысты Свет» працягвае масава забіраць сабе падрады на прыборку ў дзяржаўных установах і жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

«Яны бяруць вялікія абʼёмы, але не заўжды добра выконваюць гэтыя тэндэры, у прыватнасці – на штодзённую прыборку падʼездаў», – тлумачыць Іван Шыла.

Адмыслоўцы тлумачаць – такое лагоднае стаўленне пракуратуры да дзеянняў начальніка берасцейскай чыгункі з яўнымі прыкметамі карупцыі, можа тлумачыцца толькі тым, калі карупцыйныя сувязі «Чыстага свету» сягаюць значна вышэй за абласны ўзровень, а Афанасьеў дзейнічаў паводле загаду зверху. То бок, калі чыноўнікі ў найвышэйшым кіраўніцтве краіны прымушаюць сваіх падначаленых выстаўляць тэндэры на заведама нерэальных умовах, якія адсякаюць рэальную канкурэнцыю. У выніку, на падрад бярэцца звязаная з чыноўнікамі кампанія, з якой потым ціха падпісваецца дадатковая дамова, ужо па нерэальна высокай цане. Як стала вядома з ранейшага расследавання «Белсату», такая сістэма дзейнічае ў энергетыцы.

«Можна глядзець як хаваліся адкіды са стадыёну Дынама. Усё гэта ідзе на звалкі, хаця, паводле заканадаўства, на звалкі гэта вывозіць нельга. Адпаведна, аб гэтым ведаюць у камітэце, прыродных рэсурсаў, аб гэтым ведаюць у гарвыканкаме. Але, у прынцыпе, нікога з гэтых прадпрыемстваў не караюць. Адпаведна, зразумела, што схема дастаткова непразрыстая, можна сказаць, нават, карумпаваная», – распавядае дырэктар смеццесартавальнай станцыи «Заходняя» Дзмітры Кучук.

Пры дапамозе падобнай схемы «Чысты Свет» масава захоплівае падрады і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Але там, ён дзейнічае яшчэ прасцей – проста забірае грошы, практычна, не выконваючы працу ўвогуле. Гэтак, выйграўшы тэндэр на прыборку дому нумар 20 на завулку Баграціёна, «Чысты Свет», не парупіўся нават аб тым, каб, хаця б, раз на тыдзень выкатваць на вуліцу бак ад смеццепроваду для камунальных службаў, якія забіраюць смецце. Смецце спачатку перапоўніла бак, а потым закупорыла смеццепровад. Скаргі жыльцоў выніку не прыносяць. А «Чысты Свет» працягвае атрымліваць новыя падрады.

«Гэтак жа спрацуе любы, хто туды прыйдзе. Гэта будзе да той пары, пакуль ня будуць створаныя юрыдычныя асобы на базе дамоў, пакуль жыхары не пачнуць выбіраць старшыню, сябраў кіравання, рэвізійную камісію», – кажа Навасяд.

Схема з “Чыстым Светам» – не адзінкавая. Удзельнікі рынку скардзяцца, што дзяржаўныя падрады адкрываюцца толькі для фірмаў, набліжаных да чыноўнікаў. Канкурэнцыі няма, якасць і кошт паслуг не зніжаецца. Затое чыноўнікі выходзяць на пенсію нябеднымі людзьмі. Гэтак, кіраўнік Камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Экарэз» Анатоль Колб, які кіраваў палігонам для захавання адкідаў, першай справай пасля свайго выхаду на пенсію, набыў сабе аўто за 80 тысяч еўра, распавядае кіраўнік фірмы па перапрацоўцы смецця Дзмітры Кучук.

«Дырэктар купіў новы Порш Каен з салона. Ня думаю, што заробак дазваляў яму атрымаць такі даход», – мяркуе Кучук.

З трыбуны на тэлеэкранах Аляксандр Лукашэнка абяцае змагацца з карупцыяй сістэмна і пагражае карупцыянерам асабіста. Але, насамрэч, карупцыйныя сувязі шэрагу прыватных падрадчыкаў у Беларусі, відавочна, сягаюць так высока, што іх няздольны парушыць нават публічны скандал.

Такім чынам, насамрэч, беларусы карыстаюцца паслугамі ЖКГ не на халяву, як гэта сцвярджаюць улады, а, наадварот, пераплачвае за гэтыя паслугі, у параўнанні з суседнімі краінамі.

У параўнанні з палякамі беларусы пераплачваюць ускосна, за кошт зніжэння даходаў. А ў параўнанні з украінцамі, мы пераплочваем за электраэнергію нават у абсалютных лічбах. Улады нібыта спрабуюць рэфармаваць сістэму ЖКГ у слушным накірунку, адкрываючы магчымасць для канкурэнцыі і дапускаючы да падрадаў прыватных падрадчыкаў. Але, па факце, канкурэнцыі не атрымліваецца з-за карупцыі, якая сягае ў найвышэйшыя эшалоны ўлады. Падрады падганяюцца пад фірмы, набліжаныя да чыноўнікаў, а потым з імі заключаюцца тайныя, нявыгадныя для дзяржавы здзелкі. У выніку, бюджэтныя грошы выводзяцца на прыватныя афшоры за мяжой, чыноўнікі набываюць сабе люксусныя аўто. Між тым, якасць камунальных паслугаў падае, а сабекошт – працягвае павялічвацца.

 

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат». Фота – cloudlakes.com