Расея захавае сваю «спеўную зброю» – ансамбль імя Аляксандрава


У нядзелю раніцай ансамбль імя Аляксандрава разам з ваеннымі тэлекарэспандэнтамі ды афіцэрамі ляцеў у Сірыю на канцэрт для расейскіх вайскоўцаў. Але самалёт Міністэрства абароны ўпаў у Чорнае мора прыкладна праз хвіліну пасля вылету з Сочы, агулам загінулі 92 асобы.

«Загінулі нашыя таварышы, саслужыўцы, людзі, з якімі мы шмат і прадуктыўна працавалі», – сказаў пасля крушэння міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу.

Цяпер у Расеі прыпынілі ўсе палёты аналагічных самалётаў – Ту-154Б-2. На месцы авіякатастрофы працуюць сотні людзей, авіяцыя, надводная і глыбінная марская тэхніка, у тым ліку батыскаф.

«Апарат аглядальны, так што мы будзем найперш візуальна аглядаць дно. Апроч таго, апарат абсталяваны промневым эхалотам, так што бачныя любыя няроўнасці ў грунце і любыя абломкі, што ляжаць на ім», – кажа Сяргей Фокін з расейскага Цэнтру падводных даследаванняў.

Вадалазы паднялі з марскога дна частку крыла, рэшткі рухавіка, хваставога апярэння ды іншых фрагментаў самалёта. Шмат рэштак целаў.

Вайскоўцы прачэсваюць і чарнаморскае ўзбярэжжа. З неафіцыйных крыніцаў «Белсату» стала вядома, што жаўнеры атрымалі загад шукаць ня толькі абломкі, але і якія-кольвек элементы ад ПЗРК – пераноснага зенітна-ракетнага комплексу. Адзін з бартавых самапісцаў ужо ў Маскве.

«Уся інфармацыя асобных СМІ аб нібыта знойдзеных падчас пошуку асобных вайсковаслужбоўцах, а таксама прычынах трагедыі, не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Гэта выдумкі асобных аўтараў у пагоні за цытаваннем, або гаданне псеўдаэкспертаў, якія не маюць доступу да рэальнай інфармацыі», – заявіў прэс-сакратар Мінабароны РФ Ігар Канашэнкаў.

Афіцыйных звестак аб прычынах катастрофы няма, але неафіцыйна расейскія спецслужбы настойліва кажуць, што гэта ня быў выбух. Ананімныя сілавікі паведамілі, што на фрагментах самалёта адсутнічаюць сляды выбухоўкі, а таксама – што ёсць сведка падзення. Паводле расейскіх медыяў, службовец берагавой аховы памежных войскаў ФСБ нібыта бачыў, як самалёт павольна зніжаецца да паверхні вады з задраным дагары носам.

У такіх інфармацыйных умовах расейскае грамадства атрымае толькі тыя вынікі расследавання, якія захоча агучыць улада, кажа былы намеснік старшыні Камітэту бяспекі Дзярждумы.

«Будзе тая інфармацыя, якая выгодная ўрадавай камісіі. Таму што на тэрыторыі Расеі няма міжнародных і незалежных назіральнікаў, наагул няма незалежнай экспертызы як інстытуту, яна ўся ведамасная, яна ўся заказная», – каментуе расследаванне крушэння самалёту былы дэпутат Генадзій Гудкоў.

Тое, што пілоты не падалі сігналаў бедства, можа сведчыць пра выбух на борце, кажа Генадзій Гудкоў. Але гэтая версія не выгодная для ўлады.

«Так доўга гаварылася пра тое, што Расея знаходзіцца пад пагрозаю тэрарызму, прычым гэта ўсе казалі, гэта казалі дзяржаўныя дзеячы, што гэта небяспека, гэтая рэальная пагроза, вось яна рэалізавалася. Калі сыходзіць з таго, што гэта быў тэракт, як тады зараз выкручвацца і казаць, што няма, гэта зусім ня тэракт?», – кажа расейскі палітолаг Аляксей Малашэнка.

Версія выбуху робіць яшчэ менш папулярным расейскі ўдзел у вайне ў Сірыі, куды і ляцеў самалёт Міністэрства абароны.

«Версія тэракту невыгодная, гэта другі самалёт грамадзянскай авіяцыі. У нас ужо страты на «Адмірале Кузняцове», наколькі мне вядома, два ці тры самалёты. У нас нядаўна ўпаў вайсковы самалёт, дзякуй Богу, без смерцяў, але шмат пацярпелых», – узгадвае экс-дэпутат Гудкоў.

Маецца на ўвазе вайсковы Іл-18, які тыдзень таму разбіўся падчас пасадкі ў Якуціі. Тады ледзь не загінулі 38 вайскоўцаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»