Свет Расейскія вайскоўцы ў Сірыі – цяпер на сталай аснове


https://www.youtube.com/watch?v=jUOw6vBu7-8&feature=youtu.be

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб ратыфікацыі пагаднення з Сірыяй. Дакумент прадугледжвае бестэрміновае размяшчэнне ў краіне расейскай авіяцыі. У сваю чаргу былы генеральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заклікаў Еўразвяз працягнуць санкцыі ў адносінах Крамля на год.

Не абмежавана ў часе, з поўным імунітэтам ды без аніякіх збораў і мыта. Уладзімір Пуцін ратыфікаваў пагадненне з Дамаскам аб бестэрміновым размяшчэнні расейскай авіяцыі ў Сірыі. Паводле пагаднення, склад авіяцыйнай групы, якая будзе рэалізоўваць агульныя задачы ў барацьбе з тэрарыстамі, узгодняць з уладамі арабскай краіны.

«Уся інфармацыя аб месцазнаходжанні «Ісламскай дзяржавы», «Джабгат ан-Нусра» ды іншых тэрарыстычных груповак праходзіць крок за крокам праверку. Любыя абстрэлы ў жылых зонах, паблізу школаў, шпіталяў, рынкаў, мячэцяў ды іншых важных сацыяльных абʼектаў, дзе могуць быць грамадзянскія асобы, выключаныя», – адзначыў прадстаўнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных сілаў Расеі Сяргей Рудской.

Тым часам толькі за апошнія некалькі дзён, паводле праваабаронцаў, у выніку расейскіх авіяўдараў па Алепа загінулі некалькі дзясяткаў асобаў.

Грамадзянская вайна ў краіне перарасла ў вайну паміж Захадам і Расеяй, пераконваў у інтэрвʼю расейскаму выданню «Комсомольская правда» сірыйскі дыктатар.

«Я б сказаў, што тое, што мы цяпер маем ды бачым цягам апошніх некалькіх тыдняў і, магчыма, некалькіх месяцаў, – больш нагадвае халодную вайну, чымся вайну паўнавартасную. Я не ведаю, як гэта назваць, але мне здаецца, што Захад, і асабліва Злучаныя Штаты, не спынялі аніякай халоднай вайны, нават пасля распаду Савецкага Саюзу», – сказаў прэзідэнт Сірыі Башар аль-Асад.

У адказ на абвастрэнне сітуацыі ў Алепа ды павелічэнне вайсковай прысутнасці Расеі ў Сірыі Захад прапаноўвае працягнуць санкцыі ў адносінах да Масквы адразу на год. З такою заяваю выступіў былы генеральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн. У сваю чаргу, будучы генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш, які распачне сваю працу 1 студзеня, назваў сваёй галоўнаю задачаю спыненне сірыйскай вайны.

«Пакуль над гэтым працуе сённяшні генеральны сакратар, Пан Гі Мун, і я ведаю, што прадстаўнікі асноўных краінаў, зацікаўленых у гэтым працэсе, будуць сустракацца яшчэ раз, каб паспрабаваць рухацца наперад у мірным працэсе. Я магу толькі пажадаць, каб сустрэчы былі паспяховыя, бо гэта маральны абавязак усіх нас – спыніць пакуты сірыйскага народу», – падкрэсліў новаабраны Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш.

А ўжо заўтра кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў і дзяржсакратар ЗША Джон Керы мусяць правесці чарговы этап перамоваў аб Сірыі. Што праўда, на Захадзе больш не вераць у мірныя намеры Расеі. Гэтак, кіраўнік Міністэрства замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер паабяцаў ад імя Нямеччыны абараніць любую краіну, на якую нападзе Расея, ды жорстка адказаць на кожную спробу агрэсіі з боку Крамля.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары