Расейскі міністр сваё затрыманне за хабар на $ 2 млн спачатку ўспрыняў як жарт


На гарачым учынку падчас атрымання хабару ў $ 2 млн у Расеі затрымалі міністра эканамічнага развіцця Аляксея Улюкаева. Высокі чыноўнік меўся патрабаваць такую суму ў прадстаўнікоў канцэрну «Роснефть» за пазітыўную ацэнку ад міністэрства ў справе куплі пакету акцыяў кампаніі «Башнефть».

Галоўная навіна ўва ўсіх расейскіх медыях – натуральна, ніколі ў гісторыі Расейскай Федэрацыі не затрымлівалі міністра. Як вынікае з апублікаваных мясцовым следчым камітэтам аператыўных здымкаў, Улюкаеў меўся атрымаць $ 2 млн наяўнай валютай. Сам міністр падчас затрымання нібыта спачатку ўспрыняў сітуацыю як жарт. Некаторыя расейскія пасадоўцы таксама не могуць паверыць у версію следства.

«Калі б Улюкаева абвінавацілі ў тым, што ён збіў бабульку, калі ехаў на «Гелэндвагене» з высокай хуткасцю па начной Маскве, – тое выглядала б больш праўдападобна. Ні ў каго не было сумневаў, што кошт «Башнефти» Rur 329 млрд – рынкавы кошт», – заўважыў прэзідэнт Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Шохін.

Самая прыватызацыя «Башнефти» на пачатку кастрычніка – сапраўды выклікала процьму пытанняў. Нягледзячы на інтарэс шэрагу кампаніяў да куплі кантрольнага пакету акцыяў, конкурс не абвесцілі, а канцэрн «Роснефть», што купіў «Башнефть», – таксама збольшага дзяржаўная кампанія.

То бок фактычна адбылася ўнутрыдзяржаўная прыватызацыя, што манапалізавала расейскі нафтавы рынак. Але на сёння дыскусія ў мясцовых медыях у гэтай справе фактычна скончылася. Тым не менш антыкарупцыйная кампанія ў Расеі апошнімі гадамі прывяла да арышту шэрагу міністэрскіх намеснікаў і нават былога губернатара Кіраўскай вобласці. Паводле палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, гэта кажа пра ўзмацненне іншай сілы ў расейскай палітыцы.

«Значэнне сілавікоў у расейскай унутранай палітыцы – відавочна, што з кожным годам, а цяпер ужо з кожным месяцам яны набіраюць усё больш вагі, іхныя паўнамоцтвы пашыраюцца і ў палітычнай структуры палітычнай улады, яны становяцца безумоўна галоўнай сілай, адцясняючы іншыя групоўкі – так званых лібералаў і алігархаў», – заўважыў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Як падкрэслілі ў Крамлі – Уладзімір Пуцін сачыў за хадою ўсяго расследавання – то бок цягам больш як года паводле ФСБ. Прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў, заўважыў, што адзін міністр-карупцыянер – гэта яшчэ не паказнік. Таму скандал ніяк не адабʼецца на існым урадзе.

«Гаворка пра персанальныя абвінавачанні, што не ёсць падставаю для прызнання таго ці іншага міністра карупцыянерам. Абсурдна казаць пра калектыўную адказнасць», – падкрэсліў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Самога Улюкаева назіральнікі называюць адносным лібералам у расейскай вертыкалі і чалавекам Дзмітрыя Мядзведзева.На пасадзе ж міністра ён запомніцца сваймі неаднаразовымі прадказаннямі надыходу эканамічнага дна, ад якога расейская гаспадарка мусіць адштурхнуцца ўгару, і патрабаваннямі прыпыніць шэрыя пастаўкі забароненых у Расеі харчовых тавараў праз Беларусь. І таму гэтая справа можа аказацца зручнай для беларускага боку.

«Самую жорсткую эканамічную палітыку Расеі адстойвалі менавіта лібералы – перш за ўсё Дварковіч і іншыя, што ставілі першымі не палітычныя ідэалагічныя прычыны, а чыста фінансы і грошы – патрабавалі ад Беларусі плаціць, там дзе трэба плаціць, не зніжаць цану на газ і гэтак далей», – адзначыў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Чыноўніку выставілі абвінавачанне ў хабары ўсяго праз некалькі гадзінаў пасля затрымання – яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі. Следства просіць да суда адправіць Улюкаева пад хатні арышт.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат». Фота politrussia.com