Расеі пагражае ўвядзенне новых санкцый. Цяпер за дзеянні ў Сірыі


Гэтае пытанне абмяркоўваюць у Італіі заходнія палітыкі і іх партнёры з Блізкага Усходу, якія не падтрымліваюць Асада. Палітычная абстаноўка гарачая, а выбар Крамля пакуль невідавочны.

Крылатыя ракеты ЗША ўпершыню змянілі правілы гульні ў Сірыі. Міністры замежных справаў «вялікай сямёркі», а таксама іх партнёры з Блізкага Усходу спрабуюць у Італіі выпрацаваць адзіную пазіцыю адносна сірыйскага канфлікту і ролі Расеі ў ім. Ёсць уражанне, што ніхто з іх не разумее, як Крэмль можа падтрымліваць аль-Асада пасля таго, як увесь свет абляцелі кадры з дзясяткамі памерлых ад хімічнай атакі сірыйцаў.

«Я не думаю, што сярод расейскіх палітыкаў або грамадзянаў ёсць нехта, хто хацеў бы пабачыць яшчэ больш фотаздымкаў бацькоў, што нясуць сваіх дзяцей, забітых атрутным газам. І зразумець, што Расея падтрымлівае такі рэжым. Я веру, што такое немагчыма», – заявіў кіраўнік МЗС Нямеччыны Зігмар Габрыель.

Падтрыманне аль-Асада больш не адпавядае стратэгічным інтарэсам Расеі – пераканаць у гэтым Маскву падчас тэлефоннай размовы дамовіліся прэзідэнт ЗША Доналд Трамп і брытанская прэм’ер Тэрыса Мэй. Калі пераканаць не ўдасца, то ў дачыненні Расеі могуць быць уведзеныя санкцыі. Хоць у гэтым пытанні «вялікая сямёрка» пакуль не выпрацавала адзінага меркавання – магчыма, рашэнне пра санкцыі адкладуць да заканчэння расследавання хімічнай атакі.

«Мы абмяркуем магчымасць увядзення санкцыяў супраць некаторых сірыйскіх вайскоўцаў, а таксама і ў дачыненні расЕйскіх сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў каардынацыі ваенных дзеянняў у Сірыі. І якія, вядома, заплямленыя жудаснымі паводзінамі рэжыму аль-Асада», – сказаў кіраўнік брытанскага МЗС Боўрыс Джонсан.

Шмат што залежыць ад далейшых дзеянняў Крамля. Дзяржсакратар ЗША Тылерсан ужо сёння прыбудзе ў Маскву, каб асабіста агучыць пазіцыю «вялікай васьмёркі», якая вырашыла выступіць адзіным фронтам супраць расейскіх дзеянняў у Сірыі.

«Уладзімір Пуцін таксічны для рэпутацыі Расеі з-за сувязяў з чалавекам, які патруціў свой народ. Мы хацелі б даць Рэксу Тылерсану поўнае права ад імя Захаду і нашых партнёраў сказаць расяянам: «Гэта ваш выбар – па-ранейшаму трымацца гэтага чалавека, гэтага тырана, або разам з намі абраць лепшае рашэнне», – мяркуе Джонсан.

Крэмль ужо паведаміў, што сустрэча дзяржсакратара ЗША і прэзідэнта Расеі не запланаваная. Заўтра Тылерсана прыме міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

У сваю чаргу, Белы дом папярэдзіў, што магчымыя новыя ўдары па цэлях у Сірыі. Абвешчана, што ў выніку ўдару крылатымі ракетамі па вайсковай базе ўрадавых сілаў у сірыйскім Гомсе было знішчана або пашкоджана 20 адсоткаў сірыйскай баявой авіяцыі. Крамлёўскія медыі, аднак, сцвярджаюць, што палёты з аэрапорту «Шаірат» паспяхова працягваюцца.

Мінабароны Расеі паведаміла пра гібель у Сірыі расейскіх вайскоўцаў, якія, нібыта, трапілі пад мінамётны агонь. Паводле неафіцыйных звестак, з моманту, калі Расея ўключылася ў сірыйскую вайну, загінулі каля 40 кантрактнікаў. Аднак на расейцаў пакуль не робяць уражання ні цынкавыя труны, ні смерці сірыйцаў.

Што ў гэтай сітуацыі абярэ Крэмль – аб’яднанне намаганняў з «вялікай сямёркай» і паступовае вяртанне да міру з Захадам або хаўрус з рэжымам аль-Асада і «Хізбулой», а разам з тым новыя «сірыйскія» санкцыі ў дадатак да старых «украінскіх» – пакуль не вядома.