Раманчук: «Беларускі ўрад паводзіць сябе як дзявіца, якая пачала шукаць жаніха»


Чыстыя страты беларускіх прадпрыемстваў выраслі амаль у 2,5 разы. Гэта азначае, што страты складаюць 2 мільярды 78 мільёнаў рублёў. Нашыя пытанні скіроўваем да эканаміста Яраслава Раманчука:

«Нават афіцыйна 200 сярэдніх і буйных прадпрыемстваў – банкруты. Яшчэ лічба такая, што на складах больш за на 2 мільярды долараў тавараў не прададзена. Усё гэта сведчыць пра тое, што беларускі дзяржаўны план у тупіку, ён не працуе. І тыя даўгі, якія дзяржаве трэба заплаціць у наступным годзе, больш за 4 мільярды долараў, гэта таксама плата за тое, што мы па сутнасці заблакавалі ўсе рэформы.

Беларускі ўрад паводзіць сябе як дзявіца, якая пачала шукаць сабе жаніха ў 20 гадоў. Сёння ёй 50, а яна выстаўляе тыя самыя вымогі, як калі ёй было 20. У гэтым праблема. Тыя прадпрыемствы, якія сёння ёсць стратныя, тупіковыя, якія яшчэ мелі сэнс у Савецкім Саюзе – сёння іх можна купіць толькі за зямлю, інфраструктуру і нерухомасць. Яны ніколі не будуць каштаваць столькі, як кажуць Лукашэнка і ўрад, што ёсць «нармальная цана». Я б не раіў прадаваць гэтыя прадпрыемствы ў Расею. Ёсць малы і сярэдні беларускі бізнес, прыватызацыя павінная ісці ў бок іх».

belsat.eu