Радзіна: Будучыня Беларусі залежыць не ад Лукашэнкі і не ад Пуціна


Сяргей Падсасонны: Арсень Сівіцкі, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Зімоўскі і Вы атрымалі запрашэнне паўдзельнічаць у праграме Уладзіміра Салаўёва на тэлеканале «Россия» і паразважаць на тэму, хто заменіць Аляксандра Лукашэнку, і што чакае Беларусь. Вы адмовіліся ехаць у Маскву, але прапанавалі ўдзел па скайпе. Салаўёў, аднак, абверг інфармацыю пра тое, што такая праграма рыхтуецца да эфіру. Хто стаіць за гэтымі лістамі?

Наталля Радзіна: Цяпер ідзе працэс адхілення Расеяй Лукашэнкі ад улады. Усе падзеі апошніх месяцаў гэта даказваюць. Гэты ліст цалкам упісваецца ў агульную карціну таго, што адбываецца.

Напрыканцы лістапада Лукашэнка з’ездзіў да Пуціна ў Маскву, пасля чаго Расея стала рэзка скарачаць датацыі беларускага рэжыму. Рэзка скараціліся пастаўкі нафты ў Беларусь – з 25-26 да 18 мільёнаў тон, гэта значыць, больш, чым на 20%. Працягваецца газавы канфлікт. Пастаянна блакуюцца на мяжы з Расеяй пастаўкі беларускай і рээкспартуемай з Еўропы прадукцыі.

У апошні раз Лукашэнка не паехаў у Расею…

… Лукашэнка не паехаў на саміт у Пецярбург. І ў той жа час, у Менску мы назіраем сёння чысткі, кадравыя перастаноўкі ды арышты расейскіх журналістаў, якіх можна называць дыверсантамі і байцамі гібрыднай вайны.

Усё гэта сведчыць, што Лукашэнка сёння баіцца перавароту, і, магчыма, ён не паехаў у Піцер дзеля таго, каб яго перадухіліць.

Хлусня – фэйк? Ці хлусня – перадача?

З аднаго боку, мы кажам, што лісты – фэйкавыя. З іншага, яны могуць быць не фэйкавымі, і гэта – будзем называць рэчы сваймі імёнамі – падрыхтоўка анексіі Беларусі?

Гэта могуць быць гульні спецслужбаў Расеі і Беларусі супраць Лукашэнкі. Ён сёння банкрут, і, паўтаруся, сёння ідзе працэс адхілення яго ад улады.

Адносна таго, ці выйдзе гэтая перадача ці не – я да гэтага часу не зразумела. У сваім «Твітары» Уладзімір Салаўёў адназначна не паведаміў, што гэтай праграмы не будзе. Ён напісаў: «Якую хлусню пішуць», і паставіў спасылку на «Нашу ніву», якая паведамляла, што інфармацыя пра гэтую праграму – фэйк.

Хлусня – фэйк? Ці хлусня – перадача? Зразумелага адказу ён не даў.

Беларускае пытанне гучыць на расейскіх дзяржаўных каналах не ў першы раз, асабліва апошнім часам. І гэта таксама не выпадкова. Чаму расейская прапаганда занялася гэтым цяпер – Лукашэнка настолькі слабы, або настолькі нявыгадны?

Лукашэнка слабы і Лукашэнка нявыгадны. Лукашэнка не ў стане цяпер кантраляваць сітуацыю ў краіне. Эканамічны крызіс разросся да неверагодных маштабаў. У кожны момант у Беларусі могуць абвесціць дэфолт – пра гэта кажуць сёння ўсе, у тым ліку праўладныя эканамісты; б’юць у званы чыноўнікі, а таксама дарадцы самога Лукашэнкі.

У Расеі разумеюць, што марыянетка, якую яны пасадзілі больш за дваццаць гадоў таму на трон у Беларусі, сёння не ў стане ўтрымаць сітуацыю ў краіне, і ў любы момант рэжым Лукашэнкі можа абрынуцца. У гэтай сітуацыі яны паспрабуюць яго хутка замяніць на падкантрольную фігуру.

Ёсць такое меркаванне, што Лукашэнка раптам становіцца гарантам незалежнасці Беларусі…

Ён не быў і не можа быць гарантам незалежнасці: за гэтыя 20 гадоў ён паставіў Беларусь у поўную залежнасць ад Расеі. Уся ягоная ўлада сёння залежыць ад Расеі абсалютна. Мы бачым, што на галоўных пасадах у краіне сёння знаходзяцца прарасейскія чыноўнікі.

Нагадаю пра тых, каго ён зараз пачаў здымаць (мабыць, яму паклалі на стол спіс расейскай рэзідэнтуры): кіраўніка Адміністрацыі, намесніка кіраўніка Адміністрацыі, кіраўніка Генеральнага штаба, намесніка міністра ўнутраных справаў і кіраўніка службы ўласнай бяспекі. Адбываюцца арышты дырэктараў, банкіраў, прарасейскіх пісак. Думаю, што гэта не проста так, і ён разумее, што ягоная ўлада  пад велізарнай пагрозай.

Мы супрацьстаім не толькі беларускай дыктатуры – мы супрацьстаім «русскому миру»

Ці гэта не так, што цяпер у апазіцыі, Лукашэнкі і незалежных журналістаў агульны вораг – «русский мир»?

Вораг, можа, і адзін, але ў Лукашэнкі ёсць другі вораг – дэмакратычны свет.

Лукашэнка не аб’яднаецца з дэмакратычным светам, каб супрацьстаяць «русскому миру»?

Я б гэта вітала. Але ў такім выпадку ён страціць уладу – і ён выдатна пра гэта ведае. Як сказаў сёння палітолаг Андрэй Паротнікаў, гэтыя ўлады ніколі не пойдуць насустрач Еўропе таму, што яны не прымаюць заходнія каштоўнасці.

А тое, што Лукашэнка цяпер робіць з Бруселем ды іншымі еўрапейскімі сталіцамі?

Мы выдатна бачым, што ўсё гэта застаецца на ўзроўні словаў: ніякіх рэальных крокаў, якія ад яго патрабуе Еўразвяз, – перадусім правядзенне сумленных і свабодных выбараў – Лукашэнка не робіць.

Але ў Еўразвязе канкрэтныя крокі здзяйсняюцца: фінансаванне незалежных СМІ ў Беларусі могуць скараціць.

Гэта вялікая памылка: у гэтай сітуацыі трэба, наадварот, узмацняць падтрыманне дэмакратычнай апазіцыі, незалежных медыяў ды грамадзянскай супольнасці, бо сёння Захад зацікаўлены  тым, каб Беларусь была не пад расейскім пратэктаратам, каб тут была дэмакратычная ўлада. Для гэтага патрэбнае падтрыманне беларускай дэмакратычнай апазіцыі: толькі свабодная і дэмакратычная Беларусь – гарант гэтай бяспекі.

Калі ні «Белсат», ні «Хартыя», ні «Наша Ніва», ні радыё «Рацыя», то хто – Уладзімір Салаўёў?

Расейскія медыі, натуральна. Мы ўжо сёння бачым, у якой ступені яны апанавалі інфармацыйную прастору ў Беларусі. Тое, што сёння робім мы, незалежныя медыі, – «Белсат», «Хартыя», «Рацыя», «Еўрарадыё» – надзвычай важна: мы супрацьстаім не толькі беларускай дыктатуры – мы супрацьстаім «русскому миру» і рэжыму Пуціна. У гэтай сітуацыі пазбаўляць незалежныя медыі падтрымання – злачынна і памылкова.

У гэтай сітуацыі бачна, што «русский мир» наступае па ўсіх франтах: не толькі медыйным, але, напрыклад, царкоўным.

Так. Мы ўвесь час атрымліваем інфармацыю, што Рускай праваслаўнай царквой ствараюцца фактычна ваенізаваныя групоўкі ды рыхтуюцца баевікі. Я паглядзела спісы святароў РПЦ у Беларусі – у асноўным гэта прадстаўнікі спецслужбаў, ваенныя, мытнікі, памежных войскаў – гэта значыць, яны могуць быць рэзідэнтураю.

Ці вядомыя факты, калі царква выслала беларускіх дзяцей у лагеры ЛНР і ДНР, каб вучыцца.

Абсалютна. Вось гэтым павінны займацца беларускія спецслужбы, а не пераследам апазіцыі.

Калі яны патрыёты, калі Лукашэнка спрабуе супрацьстаяць «русскому миру», хай яны зоймуцца РПЦ, казакамі ды іншымі прарасейскімі групоўкамі, якія сёння паўсюдна паўстаюць у Беларусі. У гэтым сёння праблема.

Але тым не менш на сустрэчы з польскімі чыноўнікамі ён крытыкуе тэлеканал «Белсат» ды іншыя незалежныя медыі.

Ці не сталася так, што Лукашэнка ў сітуацыі, калі яму няма куды рухацца? З аднаго боку, ідзеш да дэмакратаў – і гэта твой апошні дзень, з другога – да «русского мира», і гэта таксама – апошні дзень?

Ён сам сябе загнаў у гэты кут – у яго сітуацыя патавая. У рэжыму Лукашэнкі няма будучыні, і я думаю, што 2017-ы год можа быць для яго апошнім.

Хацеў бы вярнуцца да праграмаў расейскага тэлебачання, на якія ездзілі вядомыя беларусы – і потым вельмі шкадавалі пра гэта. Вы пагадзіліся ўдзельнічаць у такой праграме па скайпе. Дык вось – удзельнічаць ці не ўдзельнічаць?

У Расею, безумоўна, я не паеду: гэта сёння небяспечна. У Расеі арыштоўваюць лідараў беларускай апазіцыі, мы ведаем, што адбылося з Ігарам Аліневічам, лідарам беларускіх анархістаў. Ведаем, што адбылося з блогерам Эдуардам Пальчысам. Вядома, ездзіць туды нельга.

Але самае галоўнае сёння – данасіць інфармацыю. Калі б такая магчымасць была, магчыма, я бы выступіла.

Вядома, узровень дыскусіі на расейскіх каналах сёння ніжэй за плінтус, але галоўнае не ў гэтым, а ў тым, што адбываецца з боку Расеі: гібрыдная вайна, якая, думаю, будзе працягвацца.

Беларусы ўвесь час кажуць, што гэта «нашыя браты», што «з Украінаю не атрымалася – ваююць», але «нас гэта не тычацца».

Нас гэта закране, безумоўна. Сёння акурат самы час для беларусаў абараняць сваю краіну і, нарэшце, уключыцца ў сітуацыю: будучыня Беларусі залежыць не ад Лукашэнкі, не ад Пуціна, а толькі ад нас. Мы павінны дамагчыся правядзення ў краіне сумленных і свабодных выбараў, таго, каб мы выбралі сумленную дэмакратычную ўладу і вярнуліся ў Еўропу, у якой мы жылі цягам шмат стагоддзяў.

Ці магчыма ісці ў гэтым кірунку мірным шляхам? Ці настолькі добры Лукашэнка, каб сказаць: давайце зробім свабодныя выбары?

Магчымыя розныя сітуацыі, у тым ліку, вядома, і не самыя мірныя – мусім быць гатовымі да ўсяго. Мы бачым, што сёння адбываецца ў свеце, у нашым рэгіёне, але, паўтаруся, прыйшоў час вырашаць лёс сваёй краіны. Не атрымаецца сёння адсядзецца, як сказаў Статкевіч, кожнаму ў сваёй каютцы ў караблі, які ідзе на дно.

Прыйшоў час будаваць сваю краіну – толькі ад нас залежыць наша будучыня і будучыня нашых дзяцей.

Размаўляў Сяргей Падсасонны