Пуцін затроліў Колю Лукашэнка


Апошні фельетон «Субектыву», канешне ж, варта пачаць з сенсацыі. Паводле заканадаўства, Аляксандр Лукашэнка… не мае права балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі. Прынамсі – калі верыць яму самому.

А цяпер зазірнем у галоўны закон нашай краіны – Канстытуцыю:

«Артыкул 80: Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі».

Улічваючы, што сталіцай сваёй радзімы Лукашэнка назваў Маскву, прыляцеўшы туды на парад, можна зрабіць прынамсі адну з высноваў:

а) кіраўнік Беларусі нарадзіўся ў Расеі, аднак усе 26 гадоў паслядоўна хлусіў пра Шклоўшчыну, а таму незаконна займаў і ўсцяж займае найвышэйшую пасаду ў Беларусі;

б) таемна падпісаныя інтэграцыйныя карты, пра якія нам нічога не кажуць, замацавалі ўваходжанне Расеі як Усходняй Сыравіннай акругі ў склад Беларусі – ды яшчэ і задняй датай;

в) географ з Лукашэнкі такі самы як і гісторык, як і літаратар, як і эканаміст ды як і прэзідэнт, урэшце рэшт.

Дарэчы, ці не ў гэтым пасягальніцтве на Маскву хаваецца і тлумачэнне, чаму на парадзе Пуцін і Лукашэнка абышліся не толькі без традыцыйных пацалункаў, але і нават без поціскаў рукі?

Хто ведае, мабыць, у Крамлі таксама памятаюць, што Ілжэдзмітрый, якога Рэч Паспалітая калісьці пасадзіла на маскоўскі трон, быў звычайных шляхцюком з-пад Шклова. Сёння, канешне ж, пра шляхетнасць гаварыць не даводзіцца, але ўсё-ткі. Пра стан, хутчэй, вайны, чым міру паміж Пуціным і Лукашэнкам ускосна сведчыць і гэткая дробненькая дэталь: у Маскву Лукашэнкі паляцелі рознымі самалётамі (старэйшы – на шыкоўным уласным Боінгу, дзеці – на бізнэс-джэце Golfstream). Як той казаў, усе яйкі ў адзін кошык не кладуць, а ў Маскву на адным самалёце пасля авіякатастрофы з афіцыйнай польскай дэлегацыяй пад Смаленскам у Расею не лятаюць.

Зрэшты, што мы ўсё пра Расею ды пра Расею… У нашай роднай Беларусі ўлады ўдарна рыхтуюцца да чарговых выбараў Лукашэнкі. Працягваюцца затрыманні, суды і пасадкі актывістаў ды звычайных грамадзянаў па ўсёй краіне. Выбарчыя камісіі, куды прайшлі толькі свае «чэсныя людзі», рыхтуюцца да «самых чэсных рэзультатаў». Што праўда, з найноўшымі тэхналогіі ў чыноўнікаў Ай-Ці-краіны пакуль што слабавата, таму на вэб-камерах – суцэльныя зашквары, а ўсе надзеі – на традыцыйныя філейныя барыкады вакол выбарчых урнаў.

Ну і напрыканцы хацелася б нагадаць адну ісціну, аднолькава справядлівую і для людзей, і для прыроды, і нават для законаў фізікі: рыба, як той казаў, гніе з галавы. Амаль палова менчукоў на гэтым тыдні засталася без нармальнай вады. З крану ў шэрагу раёнаў сталіцы ліецца нейкае хімічнае лайно, якое раз’ядае вочы ды скуру і ад шклянкі якога можна запраста трапіць у шпіталь. Пры гэтым улады прычынаў з’яўлення дрэннай вады ў кранах дагэтуль не ведаюць. АЭС вось-вось збіраюцца запусціць, а з вадаправодам у Менску разабрацца не могуць.

Ну дык вось, рыба гніе з галавы, а вада (і лайно з ёю цячэ таксама з вярхоў). Зычу нам усім, каб лайно пахутчэй сплыло – і мы, урэшце, зажылі ў нармальнай Беларусі.

Калаж з фота: SPUTNIK / Reuters / Forum / president.gov.by