Вынікі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ды іншыя тэмы ў праграме «Размова тыдня» са Святланай Калінкінай абмяркоўвалі рэдактар крычаўскай газеты «Вольны горад» Сяргей Няроўны і старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.
Паводле рэдактара крычаўскай газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага, сёння ў Магілёўскай вобласці Уладзімір Пуцін карыстаецца большай падтрымкай, чым Аляксандр Лукашэнка.
«Не сакрэт, што ў нашых рэгіёнах падтрымка Пуціна вялікая. Уплыў расейскіх тэлеканалаў адназначны. Працэнтаў 60% – «Крым наш», «русский мир». Гэта ёсць, гэта небяспека. Можна сказаць, што Пуцін – самы папулярны палітык у нашым рэгіёне. І думаю, што гэта вядома і Пуціну. Таму ён прыбывае, як на сваю зямлю, ён ведае, што падтрымка значная».
Лідар дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук лічыць, што нічога надзвычайнага ў стасунках Беларусі і Расеі сёння не адбываецца, а ўсе словы Лукашэнкі – звычайныя рэверансы.
«Размова ідзе пра неверагодны комплекс непаўнавартасці і самога спадара Лукашэнкі, і, на вялікі жаль, беларускага народу», – выказаўся эксперт.
Таксама ў праграме «Размова тыдня» са Святланай Калінкінай Сяргей Няроўны і Аляксандр Ярашук абмяркоўвалі:
– Субсідый Расеі для Беларусі больш не будзе?
– Ці паставіла сустрэча Пуціна і Лукашэнкі крыж на адносінах Беларусі і Украіны?
– Як справіцца з крызісам мясцовых уладаў у Беларусі?