Пуцін будзе клапаціцца пра сябе, а не пра народ


Уладзіміру Пуціну мала 18-ці гадоў кіравання Расеяй. Ад сёння стартаваў яго чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін – гэта азначае яшчэ шэсць гадоў ува ўладзе. Дарэчы, пасля інаўгурацыі новым прэм’ерам Расеі Пуцін прапанаваў Дзмітрыя Мядзведзева.

«Можна казаць, што ў Расеі запанаваў застой. Мы разумеем, што адчувалі нашыя бацькі ў 70-ых, у часы Брэжнева, калі было спакойна, але адно і тое ж. І людзі шукалі надзею паза афіцыйнай палітыкай», – кажа журналістка Маша Макарава, каментуючы інаўгурацыю Пуціна.

Напэўна, надзеі на змены ў краіне няма, дадае яна, бо сістэма, якая сама сябе знішчае і кансервуецца, можа пачаць рэфармавацца толькі для таго, каб працягнуць сваё жыццё.

«Можна сцвярджаць, што праз некаторы час сам Пуцін пачне рабіць рэформы ва ўнутраным жыцці Расеі. Напрыклад, патрэбныя расейцам эканамічныя рэформы. Крэмль засяродзіцца на эканамічнай павестцы, але Пуцін не эканаміст. Яму цяжка даюцца эканамічныя моманты, ён геапалітык. Ён дае рады з «уставаннем з кален» і «ўра-патрыятызмам». Але чаканняў мала. Крэмль будзе працягваць сваю жыццяздольнасць, а не клапаціцца пра ўмовы жыцця расейцаў».

Журналістка ўпэўнена, што да канчатковай ізаляцыі Расеі падчас чацвёртага тэрміну Пуціна не дойдзе.

«Крэмль дзейнічае так, каб падтрымліваць сваю дзеяздольнасць. Пуцін і ягонае акружэнне моцна звязаныя з Захадам. Усе расейскія карупцыйныя грошы знаходзяцца не ў Расеі, а ў краінах ЕЗ і афшорных зонах. Ім нявыгадна псаваць расейскім алігархам і палітыкам адносіны з заходнімі краінамі. Захад таксама не гатовы на рэзкія рухі».

Больш глядзіце ў «Гарачым каментары»