Прыхаваны пратэкцыянізм. Эканоміка з Чалым


Ці ўратуе Лукашэнку расейскі крэдыт на 1,5 мільярда долараў? Якая была сапраўдная мэта «закрыцця межаў»? Як ацэньваюць міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы стан беларускай эканомікі? На гэтыя ды іншыя пытанні адкажам у праграме «Давайце разбірацца».

Трэцяя частка расейскага крэдыту, які Уладзімір Пуцін паабяцаў Аляксандру Лукашэнку падчас апошняй сустрэчы ў Сочы, пойдзе на пагашэнне доўгу перад «Газпромам». Да канца года ў Беларусі ёсць і іншыя грашовыя абавязанні перад усходняй суседкай, прыкладна на 2 мільярды долараў. То бок з паабяцаных 1,5 мільярда папоўніць золатавалютныя рэзервы краіны не ўдасца.

Пакуль міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы не мяняюць сваіх ацэнак датычна беларускай эканомікі, але відавочна, што ў недалёкай будучыні яны будуць са знакам мінус. І пытанне не толькі ў тым, што банкі пакінутыя сам-насам з праблемамі, а беларусы працягваюць забіраць уклады. Рэальны сектар эканомікі таксама ўразлівы.

«Цяпер адной з галоўных рызыкаў для эканомікі ёсць прызначэнне не кампетэнтных, а адданых кіраўнікоў. Павялічваецца выкананне дзіўных ініцыятываў Лукашэнкі», – лічыць эканаміст Сяргей Чалы.

Адна з такіх дзіўных ініцыятываў – гэта агучаная Аляксандрам Лукашэнкам на «Жаночым форуме» заява пра «закрыццё межаў», якая ўскалыхнула беларусаў. Але не ўсё так адназначна – межы закрыліся не для беларусаў, а для тавараў.

«Рух людзей застаўся, але вяртанне нашых грамадзянаў у Беларусь адбываецца ў гэтак званым беставарным рэжыме. То бок усё, што ты набыў, тавары асабістага карыстання, якія раней увозіліся, цяпер на мяжы спыняюцца: вязі толькі тое, з чым выязджаў, з ужыванымі сваімі рэчамі. Што гэта такое? Гэта ж адкрытая пратэкцыянісцкая мера. Спроба абмежаваць імпарт».

У блізкай перспектыве беларусы вымушаныя будуць «набываць сваё» і за завышаны кошт. Але на гэтым пратэкцыянізм не заканчваецца, для некаторых кампаніяў прымаюцца новыя прававыя акты. Рэжым дэманструе патэрналісцкую палітыку да асобна ўзятых бізнес-інтарэсаў.

«Відавочна, з’явіліся групы эканамічных інтарэсаў, якія гатовыя ў момант палітычнага крызісу дзейнічаць не з серыі «пасля нас хоць патоп», а падчас гэтага патопу мы фактычна кайф і ловім. Ёсць магчымасць скарыстацца тым, што адбываецца», – дадае эксперт.

Глядзіце новае выданне праграмы «Давайце разбірацца. Эканоміка з Чалым» са Станіславам Івашкевічам і Сяргеем Чалым.

Belsat.eu

Калаж з фота: Maxim Guchek / BELTA / TASS