Свет Прэзідэнт Венесуэлы бачыць у пратэстах супраць дыктатуры «руку Захаду»


У Венесуэле цягам тыдня прайшлі ўжо чатыры акцыі пратэсту.

Цягам апошніх сямі дзён апазіцыя ў Венесуэле зладзіла чатыры акцыі пратэсту. Паліцыя ўжывае супраць дэманстрантаў слезацечны газ, больш за 20 чалавек былі затрыманыя. Аднак пратэстоўцы не намераныя адступаць – яны заблакавалі адную з хуткасных трасаў у Каракасе.

«Дыктатура ў Венесуэле працягвае здушаць пратэсты, але людзі непахісныя, – кажа кангрэсмэн Фрэдзі Гевара. – Мы не збіраемся спыняцца, пакуль Венесуэла не вернецца да дэмакратыі».

Вуліцы сталіцы напоўненыя тысячамі пратэстоўцаў пасля таго, як 30-га сакавіка Вярхоўны Суд краіны пазбавіў дэпутатаў парламенту, бальшыню ў якім складае апазіцыя, мандатаў і ўзяў іхныя функцыі на сябе.

Апазіцыя назвала гэты факт дзяржаўным пераваротам. Такую пастанову Вярхоўны Суд прыняў пасля таго, як у студзені парламент запатрабаваў ад Нікаляса Мадура сысці ў адстаўку.

«Венесуэльцы не могуць заставацца абыякавымі, мы выбралі Нацыянальны сход з больш як чатырнаццаці мільёнаў венесуэльцаў, і нам не трэба прымаць Мадура, які не прызнае Нацыянальнага сходу», – заяўляе лідар апазіцыі Энрыке Капрылес.

Пастанову Вярхоўнага Суда неўзабаве адмянілі, але гэта не спыніла натоўпу пратэстоўцаў, не задаволеных як з палітычнай, гэтак і з эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Нікаляс Мадура традыцыйна вінаваціць у арганізацыі пратэстаў «руку Захаду» – бізнесоўцаў, якіх падтрымліваюць ЗША ў жаданні здзейсніць пераварот у краіне, і заклікае насельніцтва не паддавацца на правакацыі.

«Венесуэла сёння мірная і спакойная, – заяўляе Мадура. – Невялікія асяродкі ґвалту знейтралізаваныя канстытуцыйнай уладаю».

У сакавіку сёлета адразу 14 з 35-ці краінаў Арганізацыі амерыканскіх дзяржаваў звярнуліся да ўладаў Венесуэлы з просьбаю вызваліць палітычных вязняў і выпрацаваць каляндар правядзення выбараў. А генеральны сакратар Люіс Альмагра запрапанаваў выключыць Венесуэлу з арганізацыі, калі ўлады не правядуць новых выбараў з удзелам незалежных міжнародных назіральнікаў.

Віталь Бабін

Глядзі таксама
Каментары