Прэзідэнт Малдовы хоча развіваць сяброўства з Расеяй і крытыкуе супрацу з ЕЗ


Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон не выключае адмены Пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам. Пра гэта ён заявіў у Крамлі падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Малдова, на меркаванне Дадона, накіраваная на збліжэнне з Еўразійскім саюзам.

Адмова Віктара Януковіча падпісаць Дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам справакавала ў свой час палітычны крызіс ва Украіне, які змусіў колішняга прэзідэнта пакінуць краіну.

Прэзідэнт Малдовы ўздымае пытанне пра выхад з асацыяцыі дзеля збліжэння з Расеяй.

«Я лічу, што гэтае пагадненне нічога добрага Малдове не прыносіць. Мы страцілі расейскі рынак, і, як ні дзіўна, наш абʼём экспарту ў Еўропу таксама знізіўся. Такім чынам, мы нічога не выйгралі ад падпісання гэтай дамовы», – заявіў прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон.

Праўда, самастойна гэтае пытанне прэзідэнт развязаць не ў стане і спадзяецца на падтрыманне сацыялістаў, якія, на ягонае меркаванне, перамогуць на парламенцкіх выбарах у 2018 годзе. Тады ж завяршаецца і тэрмін дзесяцігадовай Дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ.

Гэткая ўпэўненасць Дадона тлумачыцца кардынальнаю зменаю настрояў насельніцтва за апошнія гады. Чаканні ад інтэграцыі з Еўразвязам не апраўдаліся, а гандлёвыя дачыненні з Расеяй знізіліся ў дзясяткі разоў, што значна адбілася на бюджэце краіны. На фоне эканамічнага спаду прарасейскія настроі Дадона дапамаглі яму атрымаць перамогу на прэзідэнцкіх выбарах летась у лістападзе.

«Я хачу, каб грамадзяне Расейскай Федэрацыі дакладна разумелі ды былі ўпэўненыя, што большасць жыхароў Рэспублікі Малдова – незалежна ад таго, што некаторыя палітыкі заяўляюць, – хочуць быць сябрамі з Расейскай Федэрацыяй. Мы накіраваныя на стратэгічнае партнёрства з Расеяй», – адзначыў Ігар Дадон.

Паўстала падчас спаткання ў Маскве і прыднястроўскае пытанне. Яшчэ з пачатку 1990-х гадоў частка Малдовы абвесціла сябе незалежнаю рэспублікаю. Да гэтае пары Прыднястроўе не прызнала ніводная краіна, у тым ліку Расея, якая фінансава яго падтрымлівае.

На спатканні з Ігарам Дадонам Уладзімір Пуцін заявіў, што гатовы выступіць гарантам дасягнутых дамоўленасцяў паміж Малдовай ды самаабвешчанаю рэспублікай. Дэ-факта гэта азначае абяцанне развязаць шматгадовы канфлікт наўзамен пераходу Малдовы ў сферу расейскага ўплыву.

У сваю чаргу малдаўскі прэзідэнт выступіў з ініцыятываю падпісання мемарандуму аб супрацы з Еўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць у тым ліку Беларусь. З сітуацыяй, аднак, не пагаджаецца кіроўная Дэмакратычная партыя Малдовы, якая выказала намер працягнуць курс на збліжэнне з Еўразвязам.

Не падзяляе ініцыятывы прэзідэнта Дадона і вядомая ў Малдове адвакатка ды праваабаронца Анна Урсакі, якая вымушана пакінула краіну з прычыны палітычнага пераследу.

«Я лічу, што гэта абсалютна дэкларатыўная сустрэча, якая не несла за сабою насамрэч ніякіх наступстваў юрыдычнага і сацыяльнага, фінансавага тыпу. Малдова будзе ісці толькі паводле еўрапейскага шляху. Гэта незваротны шлях для нас, і гэта цешыць», – заўважыла Анна Урсакі.

Да чаго можа прывесці флірт з Крамлём, ужо вядома. Як толькі «братэрская» Украіна паказала Маскве зубы, паміж краінамі адбылося сурʼёзнае супрацьстаянне, у выніку якога Расея анексавала Крым і распачала канфлікт на Данбасе.

Глядзіце таксама:

Ігар Віняўскі, belsat.eu