Прэзідэнт будзе новы. Але з тым жа прозвішчам


Беларусь чакаюць змены ў Канстытуцыі. Няма сумневу, што ў першую чаргу яны закрануць паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Будуць яны спрыяць інтэграцыі з Расеяй ці, наадварот, – узмоцняць уладу прэзідэнта? Адказаў шукайце ў праграме «Размова Pro i Contra».

15 сакавіка беларускай Канстытуцыі споўніцца 25 гадоў. За гэты час галоўны дакумент краіны зазнаў значную трансфармацыю: ад зводу законаў, які складалі ўсёй краінай, да дэкларацыі, якая дэ-факта прыхоўвае хібы рэжыму. Сёння ўлады адкрыта заяўляюць: саспеў час Канстытуцыю змяніць. Гэта, бадай, адзінае пытанне, у якім праціўнікі рэжыму згодныя з афіцыйнымі ўладамі. Неабходнасць зменаў у Канстытуцыі наспела даўно.

Госць праграмы «Размова Pro i Contra» – прафесар, былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў зазначае, што сёння краіне патрэбны больш сучасны і дэмакратычны дакумент. Адзін з вядоўцаў Уладзімір Мацкевіч апаніруе госцю і зазначае, што дзейныя ўлады могуць уносіць толькі тыя змены, якія выгадныя ім.

«У нас будзе новы прэзідэнт, але са старым прозвішчам», – іранізуе вядоўца.

Падрабязнасці – у поўным выданні праграмы «Размова Pro i Contra» з Уладзімірам Мацкевічам і Усеваладам Сцебуракам.