Гарачы каментар Прэс-сакратара МУС звольнілі за скандал з менскім гарадавым


Нечаканая навіна з Міністэрства ўнутраных справаў. Сваю пасаду страціў начальнік Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Георгій Яўчар. Паводле крыніцаў непасрэдна з органаў, звольнены Яўчар агулам за нездавальняючую працу. Аднак апошняй кропляй цярпення міністра Ігара Шуневіча стаўся нядаўні скандал з падлеткам, які заляпіў аплявуху скульптуры гарадавога і пасля быў змушаны міліцыянтамі папрасіць прабачэння і ў скульптуры, і ў міліцыі.

Штопраўда, сам Георгій Яўчар у сваім профілі ў Фэйсбуку акрэслівае сваё звальненне выключна як добраахвотнае і з уласнай ініцыятывы. Каментуе сітуацыю Мечыслаў Грыб, генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы:

«…Каб у міліцыі быў добры імідж, трэба, каб міліцыя добра адносілася да свайго насельніцтва, каб яна мела сувязь з гэтым насельніцтвам. […] Але паколькі ў аўтарытарных рэжымах гэта не назіраецца, міліцыя падпарадкоўваецца па вертыкалі свайму кіраўніцтву і аўтарытарнаму рэжыму, які ўсталяваўся ў нашай краіне, а да насельніцтва яна ніякіх стасункаў не мае. […]

Я ўпэўнены, што міліцыя не аднолькавая, яна розная, і ў міліцыі зараз працуюць розныя людзі. […] А тое, што яны з’яўляюцца закладнікамі сітуацыі – гэта так. На сёння ў міліцыі няма нават прафсаюзнай арганізацыі, ніякіх няма. Па вялікаму рахунку міліцыя сама бяспраўная. Яны супраць праізволу свайго кіраўніцтва нічога паставіць не могуць. У іх няма ніякіх рычагоў да гэтага…»

Фота з афіцыйнае старонкі МУС РБ

Глядзі таксама
Каментары