Прэс-сакратар БАЖ: Мы мусім заступіцца за нашыя медыі


Следчы камітэт працягвае выстаўляць абвінавачанні па справе БелТА. Журналістаў вінавацяць у несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі дзяржаўнага навінавага агенцтва. Учора абвінавачанні выставілі чатыром журналістам парталу Тут Бай, сумы шкодаў ад паўтары да 7 тысячаў долараў. Сёння з візітам у Камітэце была журналістка агенцтва БелаПАН Таццяна Каравянкова, ёй налічылі шкоду ў дзве з паловай тысячы долараў. Тым часам, Беларуская асацыяцыя журналістаў БАЖ заклікала ўсіх да салідарнасці з фігурантамі справы БелТА, ды распачала кампанію пад назвай «Станем за журналістаў». Прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі на сувязі са Студыяй «Белсату». Чаму варта падтрымліваць журналістаў, якія дэ-факта карысталіся чужымі паролямі для доступу на дзяржаўны рэсурс?

Барыс Гарэцкі, Беларуская асацыяцыя журналістаў:

«У Беларусі надышоў той час, калі кожнаму з нас, чытачу, гледачу, трэба зразумець, што ніхто за нас нашыя праблемы не вырашыць. Ніхто не зробіць нам добрыя, якасныя, абароненыя ад уплываў нейкіх медыяў. І ніхто не зможа абараніць нашых журналістаў і наш кантэнт. Гэта справа паказальная ў тым, што журналістаў вінавацяць у доступе да інфармацыі агенцтва, якое фінансуецца з нашых кішэняў. […] Мы мусім самі заступіцца за нашыя медыі, мусім самі выказаць салідарнасць, і толькі тады ў нас у краіне можа пачаць нешта мяняцца…»

На заканчэнне тэмы прапаную паслухаць жыхароў сталіцы, ці ёсць у Беларусі нейкія тэмы, якія небяспечна публічна абмяркоўваць?

«У нашай краіне могуць нават за не смешныя жарты прыляцець. Цэнзура вельмі жорсткая. Таму ў нас вельмі мала гумарыстычных шоу. Звычайныя навіны нікога не чапляюць, але калі пажартаваць няўдала, то могуць быць праблемы».

«Пэўна палітычныя тэмы. За іх асвятленне могуць узнікнуць нейкія праблемы. Але казаць трэба».

«У нас у асноўным праваслаўныя пражываюць, але ёсць і іншыя канфесіі і рэлігіі. Ёсць і іўдзеі, і мусульмане. Журналістам трэба вельмі асцярожна быць у гэтых тэмах».

«Не, можна казаць у нас на любыя тэмы. І трэба казаць на любыя тэмы!»

«Нельга казаць дрэнна пра міліцыю, бо, паводле афіцыйнай інфармацыі, наша міліцыя найлепшая ў свеце. Дый увогуле шмат на якія тэмы нельга казаць».