Відзьмо-невідзьмо «Прэмʼера тыдня»: «Вялікі мур» – Мэт Дэйман у фільме Чжана Імоў


Дакладна ніхто не ведае, навошта будаваўся Вялікі Кітайскі мур. Адныя распавядаюць, што з яго дапамогай імперыя кітайцаў абаранялася ад паўночных дзікуноў… Іншыя кажуць, што гэта акурат паўночныя народы абараняліся ад кітайцаў… Стваральнікі ж наступнага фільма прапануюць сваю, арыгінальную фэнтазі-версію. Кітайскае кіно робіцца ўсё даражэй і даражэй, усё часцей туды запрашаюць здымацца зорак глабальнага ўзроўню.

«Вялікі мур» – гэта прэмʼера найбуйнейшага ў гісторыі супольнага кітайска-амерыканскага праекту. Раней супрацы такога кшталту былі, але не з бюджэтам у 150 мільёнаў долараў. Папярэднія супольныя фільмы звычайна правальваліся ў пракаце. Тут жа стваральнікі разлічваюць на гучны поспех.

Рэжысёрам быў знакаміты Чжан Імоў – гэта ён здымаў геніяльныя «Запалі чырвоны ліхтар» ці «Дом кінжалаў, якія лётаюць»… Апрача кітайскіх зорак на чырвоным дыване бачым Уілема Дэфоў… А таксама шэрагі вайскоўцаў у касцюмах XV стагоддзя. Гэта надало асаблівы размах імпрэзе. Галоўную ролю ў фільме выканаў Мэт Дэйман.

Прагназуюць, што праз 2-3 гады абʼём кітайскага кінарынку перабольшыць паўночна-амерыканскі. А галівудскія топ-студыі мараць адрэзаць сабе кавалак з прыбыткаў азіяцкага рынку.

«Ніколі раней не браў удзелу ў гэткім велізарным гістарычным фільме. Такія грандыёзныя відовішчы ў Амерыцы не вельмі папулярныя. І ніколі раней не бачыў такой гіганцкай будоўлі на здымачнай пляцоўцы», – падкрэслівае Мэт Дэйман.

Сцэнар быў напісаны для гэтага праекту наўмысна: гаворка ў фільме ідзе пра еўрапейскага наёмніка, якога занесла ў Кітай у 15-м стагоддзі і ён бярэ ўдзел у змаганні кітайскай арміі з фантастычнымі монстрамі.

Стваральнікі «Вялікага муру» разлічваюць на аўдыторыю такіх фантазійных відовішчаў, як «Гаспадар пярсцёнкаў».

Для Чжана Імoў, дарэчы, гэта быў першы англамоўны фільм.

«Я хацеў разбавіць дамінанту стварэння вялікага галівудскага блокбастару сваёй аўтарскай стылістыкай. Мяркую, што гэта дапамагло захаваць арыгінальнасць. Каб фільм не нагадваў звычайную экранізацыю комікса», – кажа рэжысёр.

Апрача фільмаў рэжысёр Чжан Імоў ставіў шоу адкрыцця і закрыцця Пекінскай алімпіяды 2008 года, таму ад яго можна чакаць сапраўднага сюрпрызу. Аматары эпічных фэнтазі-відовішчаў здолеюць убачыць гэты кітайска-галівудскі цуд у беларускіх кінатэатрах пасля 26-га студзеня.

Сяргей Філімонаў

Глядзі таксама
Каментары