«Прэмʼера тыдня»: «Прывід у даспехах»


Піяр фільма распачаўся яшчэ летась. Тады Скарлет Ёгансан прэзентавала свайго «Прывіда ў даспехах» у Токіа. Там зарганізавалі загадкавую імпрэзу са спробай паўплываць на ўяўленне гледачоў. Цяпер жа з нагоды пачатку сусветнага пракату здымачны калектыў прыехаў у Паўднёвую Карэю і сабраў вялікую прэс-канферэнцыю.

У цэнтры ўвагі на прэс-канферэнцыі, натуральна, Скарлет Ёгансан:

«Я трэнавалася цягам доўгіх месяцаў. І са зброяй, і простым бойкам. З амерыканскімі паліцыянтамі, і з японцамі. Калі б не мела досведу такіх трэнаванняў цягам цэлага дзесяцігоддзя, не вытрымала б, 100 адсоткаў. Тут патрабавалася нешта асаблівае. Яна ж не проста супер-вумэн, але яшчэ і механізм».

Выдатная французская акторка Жульет Бінош і Скарлет жартуюць на тэму, што машына не мае чалавечых пачуццяў. Ці ўсё ж мае?

Папярэднім фільмам рэжысёра Рупэрта Сандэрса быў блокбастар «Беласнежка і паляўнічы».

«У фільме шмат гвалту, гэта дыктуе сцэнар, – падкрэслівае рэжысёр. – Я, нават, не верыў, што Скарлет здолее прастраляць цэлы магазін патронаў з аўтамата і не зачыніць пры гэтым вачэй. Але гэта атрымалася адразу».

Дарэчы, Ёгансан атрымала ганарар 10 мільёнаў долараў за здымкі ў гэтым фільме.

«Калі шчыра, я моцна ганаруся гэтай сваёй працай. Для мяне яна была надта цяжкай, а таксама незвычайнай», – кажа Ёгансан.

У беларускім пракаце фільм дэманструецца з 30-га сакавіка.​

Сяргей Філімонаў