Праз сто гадоў беларусы зноў змагаюцца за сваю дзяржаву

Навіна пра тое, што рыхтуецца далучэнне Случчыны да савецкай дзяржавы, сталася каталізатарам, які падштурхнуў мясцовых жыхароў узяцца за зброю. Якія паралелі Слуцкага збройнага чыну з сённяшнім днём? Высвятляем у праграме «Intermarium».

Збройны выступ на Случчыне ўвосень ды ўзімку 1920 года быў выкліканы шэрагам прычынаў як унутранага, гэтак і вонкавапалітычнага характару. Сярод асноўных чыннікаў, якія падштурхнулі да ўзброенага супраціву, было нацыянальнае абуджэнне беларусаў, вынікам чаго стала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Гэта важны этап на шляху пабудовы беларускае дзяржавы. 1918-ты – абвяшчэнне БНР, а вось 1920 год: спатрэбілася два гады, каб людзі саспелі, што ім неабходная свая нацыянальная дзяржава, свой нацыянальны дом. (…) Калі плаціць падаткі, то свайму ўраду – свой урад абароніць, калі трымаць армію, то сваю, беларускую», – тлумачыць пазіцыю дэлегатаў з’езду Случчыны, які 13-14 лістапада 1920 года сабраў прадстаўнікоў усіх слуцкіх паветаў, гісторык антыбальшавіцкага руху Ніна Стужынская

Акрамя палітычных прычынаў, да гэтага кроку іх пабуджалі і эканамічныя фактары: яны да таго часу ўжо мелі ўяўленне, што такое харчразвёрстка, і жадання перажываць гэта зноў случакі не мелі. Ці ёсць аналогіі паміж Слуцкім паўстаннем і сённяшнім днём? Працягвае даследніца Слуцкага збройнага чыну Ніна Стужынская:

«Кажуць, не было выбітных лідараў, што няпраўда, тут я не пагаджуся, але народ быў здольны сам арганізоўваць свае жыццё і вырашаць усе сацыяльныя пытанні».

Гэта быў той рэдкі выпадак у найноўшай гісторыі Беларусі, калі сацыяльныя памкненні шырокіх народных масаў злучыліся з ідэяй беларускага вызвольнага руху.

«Была каласальная падрыхтоўка паўстання, культурніцкі рэсурс Случчыны: амаль кожная вёска мела свой беларускі гурток. Гэта ўсё рыхтавала глебу, рыхтавала патрыётаў, якія потым запісаліся ў Слуцкую брыгаду. Случчына мела патрыятычныя кадры настаўніцтва. Немалаважны фактар – палітычны кіраўнік: вельмі добра арганізаваная партыя эсэраў».

Дзякуючы ўпартаму супраціву абарона Случчыны ад бальшавікоў трывала больш за месяц. І ўсё ж случакі былі вымушаныя адступіць.

«Пачаліся рэпрэсіўныя, карныя аперацыі супраць мясцовага насельніцтва. У Слуцку быў арганізаваны канцэнтрацыйны лагер. Па сутнасці, у 1920 годзе яны арганізоўваліся паўсюдна: у Менску гэта сённяшні «Гатэль Манастырскі» [былы кляштар бернардзінцаў. – Belsat.eu]. І ў кожным павятовым месце былі створаныя канцлагеры, каб звозіць туды так званыя сем’і бандытаў. Хто такія былі бандыты? Гэта паўстанцы, гэта партызаны. Узяліся ў першую чаргу за сем’і, маёмасць знішчалі, выпальвалі цэлыя маёнткі, нават гэтыя вёскі, а бацькоў, жонак, дзяцей звозілі ў гэтыя лагеры, потым падганялі вагоны. Мужчынаў вывозілі ў Архангельскую губерню, а жанчын, дзяцей – у Валагодскую губерню», – дадае гісторык Ніна Стужынская.

У народнай памяці няшмат засталося пра Слуцкае паўстанне, бо насельніцтва вывезлі, а чэкісты правялі спецаперацыю «Крот», зачысціўшы ўсіх палітычных актывістаў. Пасля 1921 года махавік рэпрэсіяў толькі раскручваўся.

Госці праграмы «Intermarium»:

  • Ніна Стужынская, гісторык, даследніца антыбальшавіцкага руху ў Беларусі ў першай палове ХХ стагоддзя, Беларусь;
  • Томаш Блашчак, старэйшы навуковы працаўнік Універсітэту Вітаўта Вялікага, Коўна, Літва;
  • Дарота Міхалюк, прафесар Універсітэту Мікалая Каперніка ў Торуні, Польшча.

Глядзець іншыя выданні ток-шоу «Intermarium»

Праграма «INTERMARIUM» таксама даступная на YouTube-канале «Белсат Гісторыя».

НІ, Belsat.eu

 

Больш матэрыялаў

Былі расстраляныя 3 рэктары БДУ, 10 рэдактараў газеты «Звязда». Як знішчалі Беларусь

Ці мы гэтак жа пераможам Лукашэнку, як палякі перамаглі камуністаў?

Як Расея магла знікнуць з мапы свету і прычым тут беларусы

«Беларусаў называлі туземцамі». Як Расейская імперыя рабавала ВКЛ

Беларусы пацярпелі найбольш? Як Крэмль ставіў эксперыменты над народамі

Як Сталін дапамог Гітлеру пачаць вайну

Касцюшка: навошта беларусы адмаўляюцца ад героя?

Агенты ці змагары за Беларусь? Шукаем праўду пра КПЗБ