Праваслаўны святар: «Злосць бярэ Маскоўскую царкву, бо Украінская цяпер легітымная на 100%»


Гэтак званая царква і гэтак званы мітрапаліт – вось якое азначэнне дае Беларуская праваслаўная царква ўкраінскай аўтакефаліі, якую БПЦ прызнала раскольнікамі. Канстанцінопальскі Патрыярхат, паводле БПЦ, замахнуўся на кананічную тэрыторыю Расейскай праваслаўнай царквы, а ў Кіеве, цвердзіць кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы, створаная новая псеўдацаркоўная структура.

Уласна самая заява пра раскольнікаў прагучала падчас Агульнага сходу Менскай епархіі напярэдадні:

«Прызнаць раскольніцкай супольнасцю гэтак званую Аўтакефальную праваслаўную царкву Украіны на чале з гэтак званым Мітрапалітам Кіеўскім і Усяе Украіны Епіфаніем. Растлумачыць кліру і прыхаджанам Менскай епархіі немагчымасць саслужэння з «духавенствам» памянёнай некананічнай структуры і ўдзелу ў «таінствах», якія яна здзяйсняе».

Пра гэта ды не толькі паразмаўляем ужо зараз з протаіерэем Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцом Леанідам Акаловічам:

«Усе заявы ў духу Расейскае праваслаўнай царквы, і яны больш нічога іншага не могуць сказаць. Гэтыя выразы сведчаць пра некампетэнтнасць увогуле і блюзнерства Беларускага экзархату і Маскоўскага. Украінская царква цяпер легітымная на 100 адсоткаў! Яе прызнаў сусветны Канстанцінопальскі патрыярхат на чале з сусветным Патрыярхам і фактычна вярнуў на месца Кіеўскую мітраполію. Таму злосць бярэ Маскоўскую царкву – яна, выбачайце, брэша з усіх сваіх рупараў. Украінская царква легітымная цяпер, а Расейская праваслаўная – страціла сваю легітымнасць. Яна цяпер фактычна не мае права дзеяць ва Украіне і Беларусі».

А мы запыталіся ў самых вернікаў, ці гатовыя яны выканаць забарону Беларускай праваслаўнай царквы?

belsat.eu