«Правадыр ужо ня той». Навошта Лукашэнку «Белая Русь»


Будучыню арганізацыі ў эфіры «Белсату» каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Новым старшынём праўладнай арганізацыі «Белая Русь» у часе сённяшняга з’езду стаўся Генадзь Давыдзька. Сярод іншага, Давыдзька, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца і кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі і асацыяцыі «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў», выказаўся і пра палітычную будучыню «Белай Русі»: пераўтварацца ў партыю арганізацыі, якая шыхтуе ў сваіх шэрагах кіроўны апарат рэжыму Лукашэнкі, але ўсцяж мае статус грамадскага аб’яднання, не выпадае.

Паводле Генадзя Давыдзькі, не наспеў яшчэ час, дый змагацца за ўладу, як мае тое рабіць сапраўдная партыя, «Белая Русь» не збіраецца.

Паводле Аляксандр Класкоўскага, «Белая Русь» – згуртаванне чыноўнікаў, гэткая форма працы беларускай вертыкалі.

«Белая Русь» на сёння – закансерваваны прадукт, – кажа эксперт.

«У свой час у выбарчы кодэкс былі ўнесеныя змены: паводле іх, у выбарчых камісіях павінная быць пэўная квота грамадскіх арганізацыяў і партыяў, – нагадвае cпецыяліст. – Яе запаўняюць за кошт прадстаўнікоў «Белай Русі».

«Лукашэнка любіў раней выязджаць у рэгіёны, дзе бабулькі яму ледзь не рукі цалавалі, але апошнім часам сустрэчы ўсё радзейшыя, усё больш грубая іхная рэжысура, – кажа наш суразмоўца. – Але з іншага боку, час бярэ сваё: правадыр ужо ня той, няма ранейшай харызмы, няма ранейшага драйву, ды і рэйтынг ужо ня той».

«Тое, што замест сумнага Радзькова паставілі былога актора Давыдзьку, больш яскравую асобу – гэта таксама сімптом часу», – дадае Аляксандр Класкоўскі.

Поўную версію размовы глядзіце ў відэа; фота вокладкі – Уладзь Грыдзін/радыё «Свабода»