Праваабаронца: Беларусы парушаюць закон, каб мець дах над галавою


Выйсці з турмы і больш туды не вярнуцца можна, калі ёсць, куды вяртацца. І калі турма – гэта не проста месца пакарання злачынцы, але і перавыхоўвання яго ў добрасумленнага грамадзяніна. У Прэс-клубе ў Менску адбылася сустрэча прадстаўнікоў грамадскіх і міжнародных арганізацыяў сферы адукацыі і рэсацыялізацыі асуджаных і былых вязняў. А таксама прэзентацыя выдання «Дарожная мапа пасля вызвалення». Размаўляем з праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам:

«Пытанне рэсацыялізацыі вязняў актуальнае для кожнай краіны. Чым больш краіна надае ўвагі пытанням рэсацыялізацыі, тым менш выдаткаў дзяржавы на наступствы і ўтрыманне асуджанага ў турме. Прыклад Швецыі, дзе ёсць мінімальны працэнт рэцыдываў, паказвае эфектыўнасць сістэмы і тое, наколькі эфектыўна можна вяртаць чалавека, што саступіўся, у цывілізаванае грамадства. У Беларусі пытанне стаіць рубам, і па маім меркаванні, у Беларусі проста адсутнічае гэты працэс. Па статыстыцы ў Беларусі ў розныя перыяды ад 37 да 40 адсоткаў рэцыдываў. Больш за траціну некалі асуджаных зноў вярталіся.

Мы нядаўна сутыкнуліся з сітуацыяй, калі ў чалавека, каторы нядаўна выйшаў з месцаў пазбаўлення волі, няма пашпарту, ён не можа яго ўзнавіць, бо быў асуджаны яшчэ перад распадам СССР, у яго няма дому, яму няма дзе жыць, няма працы, няма грошай. Першыя яго словы ў наш адрас былі: Калі вы мне не дапаможаце, то я павешуся. Я не маю іншага выйсця. Я не ведаю, што рабіць…»

Мы запыталіся менчукоў, як бы яны дзейнічалі ў дачыненні злачынцаў – каралі ці перавыхоўвалі? А калі перавыхоўвалі, то якім чынам?

belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM