Пракапеня: «Стварэнне крыптавалютных біржаў – гэта магчымасць павялічваць ВУП краіны»


«Першая ў свеце поўнафункцыйная гандлёвая платформа для токеніязаваных актываў» – менавіта гэтак пазіцыянуецца першая кампанія, якая атрымала ліцэнзію Парку высокіх тэхналогіяў на ажыццяўленне дзейнасці прафесійнага ўдзельніка рынку крыптавалютаў. Калі гаварыць прасцейшымі словамі, у Беларусі пачала працу першая крыптабіржа. Яна мае назву Currency.com і належыць бізнесоўцу Саіду Гуцарыеву і ІТ-прадпрымальніку Віктару Пракапеню.

Віктар Пракапеня, ІТ-прадпрымальнік:

«Сёння сапраўды знакавы дзень. Рэгуляванне, якое было распрацавана ў Беларусі для блокчэйн-індустрыі пачало сапраўды працаваць. Чым гэта добра для Беларусі? Беларусь – першая краіна ў свеце, якая стварыла сапраўды правільнае правіла для рэгулявання ўсіх аспектаў выкарыстання блокчэйн-тэхналогіі. Іншыя краіны намагаюцца блокчэйн-тэхналогіі ўбудаваць у ўжо існуючыя заканадаўчыя абмежаванні, напрыклад, каштоўныя паперы, нерухомасць і гэтак далей. Аднак больш правільна пісаць рэгуляванне ад нуля. А для гэтага патрэбнае глыбокае разуменне працэсаў і таго, як гэта будзе развівацца ў будучыні. […] Дзякуючы з’яўленню тут крыптабіржаў, кампаніі змогуць прыцягваць фінансаванне. Таму магчымасць стварэння тут крыптавалютных біржаў – гэта перш за ўсё магчымасць развіваць і павялічваць ВУП краіны…»

Навіна пра стварэнне ў Беларусі першай на постсавецкай прасторы крыптабіржы моцна пераацэненая – лічыць старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб. Бо час сышоў, а бюракратычная машына беларускіх міністэрстваў і ведамстваў нават на падвышанай хуткасці банальна не паспела за глабальнымі зменамі вакол крыптавалютаў.

Сяргей Лаўрыненка, стваральнік беларускай крыптавалюты Талер:

«Самае цікавае, што датычыць гэтага праекту. Там не толькі біткоінам можна гандляваць, не толькі іншымі крыптавалютамі. У гэтым праекце рэалізавана магчымасць гандляваць тэхнізаванымі актывамі, на прыклад, усяго, чым гандлюецца на звычайным фондавым рынку: акцыі буйных кампаніяў, сыравіна, індэксы. Гэты кірунак нашмат цікавей з пункту гледжання бізнесу, бо зараз у кожнага беларуса з’яўляецца магчымасць наўпрост гандляваць акцыямі праз гэтую пляцоўку…»

belsat.eu