«Пракапеня – герой, які ўскрыў гнайнік». Медыяаналітык распавёў, як заўважыў знікненне матэрыялаў у СМІ пра бізнесоўца


11 красавіка 2015-га года вядомы IT-бізнэсовец Віктар Пракапеня быў затрыманы і абвінавачаны ў «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў складзе арганізаванай злачыннай групы». Праз дзевяць месяцаў знаходжання ў менскім СІЗА №1 Пракапеня, які сваёй віны не прызнаваў, выйшаў на волю. Тады следчыя рапартавалі, што прадпрымальнік цалкам кампенсаваў нанесеную дзяржаве шкоду. Гаворка вялася пра суму да мільёну долараў ЗША. Менавіта гэтую інфармацыю цішком падчысцілі альбо скарэктавалі шмат якія беларускія медыі, у тым ліку незалежныя. Тым часам усе абвінавачванні з Віктара Пракапені былі знятыя, а сам ён апынуўся ў фаворы ў Аляксандра Лукашэнкі. Увесь скандал з выдаленнем архіўных публікацыяў пасля таго, як інфармацыя пра гэта з’явілася ў блогу «Рэсурс кіберакына». У «Гарачым каментары» – аўтар расследавання, незалежны медыяаналітык Уладзімір Бараніч.

Валер Руселік: «Радыё Свабода» пагаварыла з рэдактарамі незалежных медыяў, згаданых у вашым расследаванні. Рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб заявіла, што тэма ўвогуле не вартая абмеркавання і што «ніхто нічога страшнага не зрабіў». А вы як ацэньваеце тое, што атрымалася выставіць на публіку?

Уладзімір Бараніч: Я лічу, што гэта жахлівае здарэнне. Людзі маёй генерацыі памятаюць оруэлаўскі раман «1984», як там заднім чыслом выдаляўся папяровы кантэнт.

Самае галоўнае, што здарылася: грамадства пазбаўленае магчымасці ў любы час атрымаць інфармацыю, якую грамадства мае права атрымліваць. Уявіце, што гэта было надрукавана на папяровых носьбітах – тады б пачалі выдзіраць з падшывак?

Гэта абсурднасць сітуацыі. Увогуле само па сабе, што нейкая прыватная асоба звяртаецца з такой просьбай выдаліць кантэнт да мас-медыяў… Я бачу, што ў сеціве ідзе такі сапраўдны халівар, вельмі моцнае абвостранае напружанае абмеркаванне, людзі неабыякавыя. Хаця гэты спіс я выставіў яшчэ 4 месяцы таму. Ён вісеў, а пасля яго заўважылі, і сапраўды на яго неяк дужа звярнулі ўвагу.

Валер Руселік: Там некалькі версіяў: то сам Пракапеня прасіў, як у выпадку з Tut.by, то ягоныя прадстаўнікі, то нейкая «вядомая ў журналісцкім асяроддзі асоба», паводле Аксаны Колб. Але ўсё вядзецца да таго, што нейкія прыватныя асобы, звязаныя пэўным чынам з Віктарам Пракапеням папрасілі, і тут так па-людску атрымалася. У выпадку з «Беларускім партызанам» і «Новым часам» ведаем, што былі ў тым ліку матэрыяльны заахвочванні, але ў нас ёсць Следчы камітэт і афіцыйныя медыі. Няўжо Віктар Пракапеня такі ўсёмагутны ў Беларусі, што нават іх можа прымусіць карэктаваць інфармацыю ў сябе на сайце?

Уладзімір Бараніч: У мяне ёсць свая версія. Відаць, з Віктара Пракапені сапраўды спаганялі грошы, але, відаць, ён здолеў зацікавіць нейкіх высокіх асобаў, што на волі ён будзе не абрабаваны і не абадраны будзе больш цікавы. Натуральна, гэта дайшло да вышэйшага кіраўніцтва, яго выпусцілі. Мне тлумачылі: «Што ты на яго наязджаеш!» Хаця насамрэч я асабіста супраць Пракапені нічога не маю.

Наадварот ён як герой, які ўскрыў гэты гнайнік гнілых СМІ. Гэта ягоная асабістая справа: ён можа патрабаваць усё, што заўгодна. Іншая рэч, што СМІ не павінныя на гэта ісці.

Натуральна Пракапеня прапанаваў цікавы праект, мне здаецца, пад яго быў зроблены гэты дэкрэт пра высокія тэхналогіі. Я думаю, ці ён сам да гэтага дадумаўся, ці яму падказалі, што для яго рэпутацыі нядобра будзе, калі будзе гугліцца, што ён чалавек, які выйшаў з турмы, заплаціўшы «адкупнога», пагадзіўшыся са сваёй віной.

Больш – у відэа вышэй.