Прадстаўнік «Грынпісу»: Выкід на камбінаце «Маяк» – у 10 тыс. разоў больш за дазволены гадавы


Бяспечны, а то і нават карысны радыяцыйны дождж – ці ўяўляеце вы сабе нешта падобнае? «Росатом» усцяж захоўвае маўчанне адносна масавага выкіду ізатопу «рутёній-106», раскрываючы рот, бадай, адно для нейкіх казак пра бяспечнасць выкіду альбо пра яго касмічнае паходжанне. Вось, да прыкладу, што заявіў галоўны анколаг Чэлябінскай вобласці РФ Андрэй Важэнін «Насельніцтву няма пра што турбавацца. Усім тым, хто моцна пераймаецца, раю глядзець футбол і піць піва».

Найбольшая канцэнтрацыя рутэнію-106, выкід якога быў зафіксаваны яшчэ напрыканцы верасня, быў выяўлены паблізу камбінату «Маяк» у Чэлябінскай вобласці Расеі. Прадпрыемства належыць «Росатому» і займаецца перапрацоўваннем адпрацаванага ядравага паліва. Перавышэнні фону забруджанасці пры гэтым сягалі тысячы разоў. У выніку ж, радыяцыйнае воблака з Расеі скіравалася на Захад, накрыўшы большасць еўрапейскіх краінаў, у тым ліку Беларусь.

У «Гарачым каментары» – прадстаўнік «Грынпіс» (Расея) Рашыд Алімаў.

«Французскі афіцыйны інстытут IRSN у сваім дакладзе ацаніў выкід у 100-300 тэрабекерэляў. Гэта заўважна менш, чым пры буйных аварыях, як Чарнобыльская альбо Фукусіма, але адначасова гэта ў 10 тыс. разоў больш, чым дазволены гадавы выкід камбінату «Маяк», – заявіў Рашыд Алімаў.