Прадстаўнік ЕГУ: Не сумняемся, што зможам далей працаваць у Вільні


Літоўскі Цэнтр ацэнкі якасці навучання негатыўна ацаніў дзейнасць Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту.

Негатыўная ацэнка можа быць падставаю для адклікання ліцэнзіі ЕГУ. Цягам двух тыдняў беларускі ўніверсітэт у выгнанні мае права абскардзіць гэтае рашэнне.

У «Гарачым каментары» – Максімас Мілта, кіраўнік аддзелу камунікацыі ЕГУ.

«Кіроўная рада ЕГУ не можа пагадзіцца з тымі вынікамі, якія прапаноўвае цэнтр. На нашую думку, за 2015-2017 гады ва ўніверсітэце адбыўся шэраг вельмі істотных рэформаў, якія закранулі пытанні навучання, навуковай дзейнасці і стратэгічнага кіравання. Мы ўжо працуем з урадам Літвы па тым пытанні, каб забяспечыць магчымасць універсітэту і надалей працаваць у Вільні», – заявіў Максімас Мілта.

І дадаў, што ва ўніверсітэце ніколькі не сумняюцца, што ЕГУ зможа далей працаваць у Вільні.

«Натуральна, што ЕГУ – універсітэт у выгнанні. Мы працуем у Літве, на нас можна глядзець як на яшчэ адзін прыватны ўніверсітэт, аднак ніводзін іншы прыватны ўніверсітэт у Літве не сутыкаецца з выклікамі, з якімі сутыкаемся мы. Гэтыя выклікі базуюцца на нашай прыродзе. Дагэтуль 95 % нашых студэнтаў – беларусаў, тое ж датычыцца і большасці выкладчыкаў, а таксама датычыцца тых цяжкасцяў, з якімі мы часта сутыкаемся ў Беларусі. Натуральна, што прыстасаванне нейкіх стандартных шаблонаў да ўніверсітэту не можа з’яўляцца паўнавартасным», – адзначыў Максімас Мілта.

Паводле яго, Літва стала краінай, якая праявіла гасціннасць да ўніверсітэту, і ЕГУ ўдзячны за гэта літоўскаму боку.

Больш – у відэа вышэй.

Фотаздымак на застаўцы да відэа МЗС Літвы