Прадпрымальнікі хочуць ратаваць малы бізнес праз новы законапраект


Дыялогу не атрымалася. У час прадпрымальніцкага форуму, які адбыўся сёння ў Менску, арганізатар мерапрыемства і старшыня абʼяднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка назваў працоўную групу па прадпрымальніцтве пры Міністэрстве эканомікі бутафорыяй, якая не вядзе да практычных вынікаў.

На агульнае абмеркаванне ўдзельнікаў сустрэчы арганізатары выставілі народны законапраект, які закліканы ратаваць ІПэшнікаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, малы і сярэдні бізнес у Беларусі стаіць практычна на мяжы вымірання. Дзейнічаць праз перамоўную пляцоўку ўладаў і прадпрымальнікаў не атрымліваецца, найперш з-за таго, што яе ўдзельнікі не выбіраюцца, а прызначаюцца, што дазваляе ўладам маніпуляваць і сыходзіць ад абмеркавання і развязання асноўных праблемаў, падкрэслівае Шумчанка.

Адзін з лідараў прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка падкрэсліў, што галоўная мэта народнага законапраекту – стварэнне бяспечных умоваў для працы індывідуальных прадпрымальнікаў. ІПэшнікі падтрымалі гэты законапраект, а прадстаўнікі ўладаў адзначылі, што высока ацэньваюць гэтую прававую ініцыятыву.

Разам з тым прадпрымальнікі не хочуць аддаваць гэты законапраект на водкуп цяперашняй рабочай групе, а плануюць стварыць рабочую групу пры сваім абʼяднанні «Перспектыва». Да канца лютага 2017 года бізнесоўцы будуць чакаць адказ ад уладаў наконт законапраекту. Калі ж адказ будзе адмоўны, то прадпрымальнікі хочуць назбіраць 50 тыс. подпісаў, каб унесці праект закону на разгляд у Палату прадстаўнікоў.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu