Асабісты капітал «Прадавайце хаты і з’язджайце». Менчукі супраць чыгункі




Ад грузавых чыгуначных саставаў у жыхароў Менску і прыгараду дамы ходзяць ходырам. Яны просяць спакою хоць бы ўначы. А ім у адказ: «прадавайце хаты ды з’язжайце у ціхае месца».

Шматдзетная сям’я жыве ў сталічным мікрараёне Каменная Горка – 3. Да чыгуначнай дарогі на Маладзечна ад іхнага дому каля 300–400 метраў – не відаць, але чуваць. Аднак найбольш менчукоў турбуе нават не шум, а вібрацыя.

«У ваннай у мяне ўначы калі стаіць нешта шкляное адзін да аднаго, то бразгоча вельмі моцна. У мяне баяцца нават дзеці, прыходзяць: мама, у цябе ў ваннай нешта адбываецца, вельмі дзіўныя гукі», – распавядае жыхарка Каменнай Горкі – 3 Ганна Новікава.

Рух грузавых цягнікоў уначы адчуваецца ўва ўсім доме. Дрыжыць і посуд, і лыжкі. Сям’я жыве тут чацвёрты месяц, а дзеці дасюль пужаюцца і прачынаюцца ўначы ад кожнага цягніка. Пасажырскія цягнікі лёгкія і хутка праносяцца, іх было б амаль не чуваць, калі б яны не падавалі сігналаў на ўсё наваколле.

Вядома, калі сужэнцы будаваліся, яны ведалі, што чыгунка праходзіць недзе побач. Але не чакалі, што ў межах гораду жылыя дамы і цэлыя мікрараёны ніяк не абароненыя ад яе ўздзеяння. Таму цяпер сям’я збірае подпісы пад петыцыяй да «Беларускай чыгункі» з прапановаю мадэрнізаваць пуці, стварыць шумапаглынальны экран і вібрапаглынальную траншэю.

Шмат дыскамфорту жыхарам прыносіць і галіна Калодзішчы – Шабаны, якая ідзе ў абыход Менску праз Трасцянец і Сціклева. Доўгі час гэтая частка чыгункі лічылася закінутай. Сельсаветы смела вылучалі ўчасткі зямлі ў санітарна-ахоўнай зоне чыгункі, а людзі законна будавалі там дамы.

«Шпалы былі драўляныя, дарога была ржавая, забітая, і па ёй калі раз на паўгода нейкая зязюля праходзіла – ну, гэта было дзіва, дзеці выбягалі глядзець на цягнік», – згадвае жыхар пасёлку Трасцянец Уладзімір Дубоўскі.

Потым дарогу мадэрнізавалі, электрыфікавалі. І зноў цішыня. Колькі дзесяцігоддзяў было ціха. А сёлета нечакана пачаўся актыўны рух грузавых цягнікоў. Калі ўдзень гэта мала каго турбуе, то ўначы прачынаецца ўвесь Трасцянец.

Да найбліжэйшых дамоў ад дарогі – пара дзясяткаў метраў. Паміж імі няма ні агароджы, ні шумапаглынальнага экрану. Нічога не даў званок да начальніка станцыі. Прадстаўнік чыгункі параіў мясцовым прадаваць жытло, калі ім нешта не падабаецца. Аднак ахвотных набыць дамы каля дзейнай чыгункі няма, і рынкавы кошт нерухомасці упаў у некалькі разоў.

«Ён сказаў: не, мы нічога не можам зрабіць, як хадзілі так і будуць хадзіць, дададуцца яшчэ. І сапраўды, пасля размовы з ім яшчэ адзін начны цягнік дадаўся», – пераказвае размову Людміла Хвайніцкая, жыхарка пасёлку Трасцянец.

Цяпер цягнікі будзяць Трасцянец а 1 ночы і з 3 да 4 раніцы. Чыгунка на людзей не звяртае ўвагі. Хоць патрабуюць жыхары не так і шмат – не мяняць рэек на дарагія бесстыкоўныя або будаваць шумапаглынальны экран.

«Проста змяніць графік руху цягнікоў. Сапраўды, ёсць жа закон, які не дазваляе парушаць цішыню ў начны час, пасля 22:00. Мы ж яго выконваем як грамадзяне, таму і тут з іхнага боку павінная быць хоць нейкая павага», – прапаноўвае Людміла Хвайніцкая.

Самымі актыўнымі аказаліся жыхары Калодзішчаў. Пасля шматлікіх адпісак «Беларуская чыгунка» прызнала праблему з іхным участкам дарогі ды пачала ў Калодзішчах мяняць старыя рэйкі на бесстыкоўныя, а мясцовыя ўлады паабяцалі заняцца шума- і вібраабаронаю. Досвед жыхароў Калодзішчаў даказвае, што ў барацьбе з шумам галоўнае не маўчаць і не спадзявацца, што праблема развяжацца сама сабою.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Кідаюць партнёры і будаўнікі: што ўражвае замежнікаў у Беларусі
  • Беларусы на мяжы галечы
  • Банкам абмежавалі заробак на кліентах

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары