Пра рэформы ў адукацыі: «Гэта ўсё непаўнавартасна»


Менш студэнтаў-інвалідаў і моладзі з сельскай мясцовасці, скарачэнне фінансавання амаль на 44 % – айчынная адукацыя развіваецца зусім не адпаведна прынцыпам сацыяльнай арыентаванасці.

Пасля доўгіх спробаў і намаганняў Беларусь далучылася да Балонскага працэсу. Мінула чатыры гады, але значных рэформаў, зменаў і пазітыўных зрухаў пакуль гэтак і не адбылося, хоць для нашых універсітэтаў еўрапейскія партнёры робяць шмат выняткаў і крокаў насустрач. Выглядае, што ў Беларусі проста не ўмеюць ці не жадаюць карыстацца новымі магчымасцямі? Аб гэтым у праграме «Размова дня» разважаюць прафесар Уладзімір Дунаеў і вядоўца Уладзімір Мацкевіч.

«Безумоўна, гэта ўсё непаўнавартасна. Можна нават перад неабходнасцю рэформаў вельмі доўга ўсё адкладаць. І гэта беларускі выпадак. Можна нават, прыняўшы рашэнне, рухацца ў гэтым кірунку, а Беларусь, я лічу, усё ж вектар такіх рэформаў абрала. Можна ў гэтым кірунку рухацца настолькі павольна, што не набліжацца да лідараў, а ўсё больш і больш адставаць. Гэта таксама беларускі выпадак. І ўрэшце, можна рабіць гэтыя рэформы гэтак, што лепш іх не рабіць увогуле. І ў некаторых выпадках гэта таксама наш варыянт. Так што з аднаго боку можна сказаць, што Беларусь асэнсавала неабходнасць рэформаў і мадэрнізацыі, а з іншага боку – асэнсаваўшы гэта, робіць надзвычай мала, каб рухацца па гэтым шляху», – выказаўся прафесар, чалец грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў.

Глядзіце цалкам «Размову дня» паміж Уладзімірам Мацкевічам і прафесарам Уладзімірам Дунаевым.

belsat.eu