Польшча хоча адабраць у Ярузэльскага званне генерала. Пасмяротна


35 гадоў таму вайскоўцы, паліцыя і спецслужбы камуністычнай Польшчы правялі маштабныя начныя арышты па ўсёй краіне. На загад генерала Войцеха Ярузэльскага ваенныя камісары сталі кантраляваць выканаўчую ўладу ад міністэрстваў да гмінаў, а таксама дырэкцыі асноўных прадпрыемстваў. Кантроль над краінай узяла гэтак званая Вайсковая рада народнага выратавання – каб ратаваць камуністаў ад народных пратэстаў і здушыць апазіцыйны рух «Салідарнасць».

«Вайсковая рада народнага выратавання не замяшчае канстытуцыйных органаў улады. Яе адзінае заданне – ахова законнага парадку ў дзяржаве», – заяўляў тады генсек ЦК Польскай аб’яднанай працоўнай партыі.

Агулам на рахунку вайсковай хунты Ярузэльскага – больш за сотню забітых і каля пяці тысячаў – пераважна сяброў «Салідарнасці» – кінутых за краты. Тады за жаданне жыць свабодна і заможна сілавікі каралі студэнтаў, інтэлігенцыю, звычайных работнікаў і сялянаў. І хоць Ярузэльскага ўжо няма ў жывых, сёння яго пакаралі па-ваеннаму.

«Сёння апошні раз з боку якога-кольвек чыноўніка Міністэрства абароны можа быць сказана слова «генерал» ля прозвішча Ярузэльскага. Мы робім юрыдычныя крокі, каб забраць вайсковае званне як у Войцеха Ярузэльскага, гэтак і ў былога міністра ўнутраных справаў Чэслава Кішчака, – злачынцаў, адказных за ўзброеныя дзеянні супраць уласнага народу», – заявіў міністр абароны Польшчы Антоні Мацерэвіч.

І сёння ж улады дэмакратычнай Польшчы ўзнагародзілі герояў тых часоў. Прэзідэнт Анджэй Дуда ўласна ўручыў медалі жанчынам, якіх улады пераследавалі падчас Ваеннага становішча.

«Ваеннае становішча мусіла запужаць, каб людзі перасталі дапамагаць адно аднаму, каб сталі чужымі».

Галоўны здабытак тых дзён – людская салідарнасць, кажуць узнагароджаныя дзяячкі падполля.

«Ваеннае становішча мусіла гэтак шакаваць і запужаць, каб людзі перасталі дапамагаць адно аднаму, каб сталі чужымі. Але такога не атрымалася», – прыгадвае ўдзельніца супраціву Эва Тамашэўска.

Шок ад ваеннага становішча памятае практычна кожная польская сям’я. Рэдактар польскай версіі інтэрнэт-старонкі «Белсату» Якуб Бернат на сваю першую дэманстрацыю трапіў у 5 гадоў разам з малодшай сястрой. Іхныя бацькі думалі, што на мірным святкаванні Дня канстытуцыі ўсё будзе спакойна.

«Мы пабачылі міліцыю, – прыгадвае Бернат. – Шмат міліцыі, амонаўцаў, якія з дручкамі беглі ў бок дэманстрацыі, білі людзей, і пачалі страляць слезацечным газам».

Памятаюць гэтыя дні і беларусы, якіх мабілізавалі ў войска, каб задушыць польскую «Салідарнасць» савецкімі танкамі.

«Збіралі ўсіх, хто польскай мовай валодае больш-менш без акцэнту».

«Рэзка збіралі ўсіх, хто польскай мовай валодае больш-менш без акцэнту, у штаб Беларускай ваеннай акругі, і там зрабілі тэрміновую падрыхтоўку, курсы, – кажа філолаг Лявон Баршчэўскі. – Але, паколькі абышлося без увода савецкіх войскаў, то нас дэмабілізавалі праз 2 тыдні».

Ваеннае становішча не спыніла апазіцыйнага руху – справа мела адваротны эфект: пад ціскам народных пратэстаў і міжнародных санкцыяў у 1983-м годзе кіраўніцтва хунты адмянілі. Яшчэ праз 7 гадоў на шматпартыйных выбарах Ярузэльскі мірным шляхам перадаў уладу Леху Валэнсу.

Яраслаў Сцешык