Поле цудаў Лукашэнкі ці рэвалюцыя ў эканоміцы. «Прасвет» з Алінаю Коўшык


Пра тое, чаму расейцы трэці раз выходзяць з Сірыі ды ніяк не могуць выйсці, а таксама ці ў Сірыі могуць з’явіцца беларускія вайскоўцы. Разбярэмся, чаму Пуцін шмат гаварыў пра Украіну і амаль нічога пра Беларусь, а таксама што ён сказаў упершыню, падсумуем 100-гадовы юбілей КДБ Беларусі, а таксама паразважаем пра тое, ці Лукашэнка гатовы да рэвалюцыі ў эканоміцы? Стасункі паміж Захадам і Беларуссю ацэніць выбітны нямецкі палітолаг Роланд Фройдэнштайн.

Уладзімір Пуцін трэці раз заявіў пра выхад з Сірыі

Перадыслакацыя дзвюх трацінаў кантынгенту парадаксальна не толькі не аслабіць пазіцыі Расеі ў краіне, але можа пашырыць яе прысутнасць ува ўсім рэгіёне. Ці ў Сірыі могуць зʼявіцца беларусы – саюзнікі Масквы з АДКБ? Дзяніс Дзюба.

Як Пуцін асабіста распаўсюджвае гістарычныя фэйкі

Што новага сказаў Пуцін падчас прэс-канферэнцыі, а таксама што было самае важнае для беларусаў і нашых суседзяў? Як ён падаграе атмасферу ў Польшчы ды ў чым кіраўнік Расеі спамыліўся ці свядома схлусіў? Інтэрвʼю з Марыяй Пшэломец, аўтаркаю праграмы «Студыя Усход», якая на польскім тэлебачанні TVP INFO аналізуе праблемы былога СССР.

IT Маскарад Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка будуе глабальныя планы ў змаганні за рынак высокіх тэхналогіяў. Паспрыяць гэтаму мае дэкрэт «Аб лічбавай эканоміцы», які кіраўнік краіны нясціпла называе рэвалюцыйным. Дакумент можа быць падпісаны ўжо да канца гэтага года. Але ці прынясе ён рэвалюцыю ў беларускай эканоміцы? Вольга Жарнасек.

Нямецкі палітолаг: «Стратэгія пацяплення не прынясе ніякіх вынікаў»

Нашая краіна ад ЗША далёка, але ўсе ж стварае пагрозу бяспецы і вонкавай палітыцы ЗША. Гэта яшчэ ўлетку адзначаў гаспадар Белага Дому. Доналд Трамп казаў пра карупцыю, парушэнне правоў чалавека, рэпрэсіі. У выніку санкцыі ўсе ж паслабілі, але не адмянілі, чаму? Пра гэта Ганна Любакова паразмаўляла з Роналдам Фройдэнштайнам, дырэктарам Цэнтру еўрапейскіх даследаванняў імя ВІльфрыдам МАртэнсам – адною з уплывовых «фабрык думак» у Бруселі.

100 гадоў КДБ. Апошняе апірышча чэкістаў

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі рыхтуецца адзначыць ні многа ні мала сто гадовы юбілей, хоць спецслужбу з такою назваю стварылі толькі ў 50-ых. З гэтай нагоды Камітэт адкрыў на сваёй старонцы віртуальны музей, трапіць куды ў рэчаіснасці амаль немагчыма. Там згадваецца нават крывавы тэрор трыццатых гадоў, своеасаблівым, што праўда, чынам. Чым сёння займаецца КДБ, калі не ганяецца за прывідам «Белага легіёну», і як жывуць спецслужбы – нашчадкі чэкістаў у суседніх краінах, Усевалад Шлыкаў.