Госці студыі, якія таксама нядаўна перанеслі каронавірус, дзеляцца досведам і нечаканымі праблемамі, з якімі можа сутыкнуцца кожны.
Дактары з некаторых паліклінік катэгарычна адмаўляюцца накіроўваць хворых на мазкі і КТ. Ставяць у якасці дыягназаў то алергію, то стандартную прастуду. Дабівацца тэстаў даводзіцца з боем, калі тэмпература ўжо не збіваецца, а ў пацыента – двухбаковая пнеўманія. І нават пры такім раскладзе трапіць у больніцу бывае няпроста. Жыхарка Менску Наталля Клімовіч мела 50 % паражэння лёгкіх і літаральна траціла прытомнасць. Але больніца была забітая пацыентамі. Пасля пяці гадзінаў чакання жанчыну адправілі ў палату. І вось чаму.
«Дзве пацыенткі, на жаль, адышлі ў іншы свет. Пра гэта мне распавяла суседка па палаце, – згадвае Наталля Клімовіч. – Таму нас і змаглі шпіталізаваць»
Трансфузіёлаг з Горадні Уладзімір Пруднікаў адказвае на шэраг важных пытанняў. Важныя яны яшчэ і таму, што статыстыка шматкроць заніжаецца, а пра падступнасць інфекцыі распавядаюць мала.
Цягам выдання гучаць гісторыі пра цяжкую хаду хваробы ў маладых людзей. Таксама апавядаецца пра трагедыю ў Глыбоцкім раёне, дзе ад каронавіруса памерла 82-гадовая жанчына, а на наступны дзень ейны сын.
Дзясяткі тысяч беларусаў сядзяць у ізалятарах пасля акцыяў пратэсту. У тлумных камерах вязням не пакідаюць шанцаў засцерагчыся ад ковіду. Аб праблеме расказваюць людзі, якія з ёй непасрэдна сутыкнуліся. З-за палітычнага крызісу і беспрэцэдэнтнай хвалі гвалту з боку рэжыму каронавірус, нягледзячы на ўражвальныя лічбы заражаных, не робіцца тэмаю нумар адзін. У той жа час абсалютна зразумела, што ставіцца да COVID-19 легкадумна немагчыма.
Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную сераду а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.