Плошча імя Лукашэнкі. NEXTA на «Белсаце»


Плошча ў цэнтры Магілёва ніколі не мела назвы. Старшыня абласной арганізацыі ветэранаў Анатоль Глаз прапанаваў развязаць гэтую несправядлівасць і назваць плошчу імем кіраўніка БССР Пятра Машэрава. Гарадскія ўлады, аднак, не пагадзіліся. Кажуць, неадпаведнасць маштабу асобы і аб’екту.

А маштабу якой асобы будзе пасаваць?

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусі, просім Магілёўскі гарсавет і гарвыканкам назваць плошчу насупраць гарвыканкаму імем Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка з устаноўкай бюстаў» – кажа грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі.

Цяпер засталося спадзявацца, што ў Магілёўскім гарвыканкаме не заселі заходнія агенты, якія праігнаруюць народную волю, і хутка на галоўнай плошчы мы ўбачым не тое што бюст, а помнік Лукашэнку!

А тым часам у Берасці ўжо зʼявіўся помнік вядомаму паэту беларушчыны – Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну! Яго згадваў кіраўнік краіны падчас канферэнцыі з расейскімі СМІ яшчэ ў 2016 годзе:

«Пушкін і Дастаеўскі – усе былі ў Беларусі ды пісалі тут свае творы!» – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Гэты пісьменнік відавочна заслужыў сабе помнік у Беларусі! Пагатоў задарма – выканалі яго расейцы. На месцы працуе наш адмысловы карэспандэнт Алесь Ляўчук! Ці патрэбен помнік самым берасцейцам?

«Канешне ж ніхто не супраць твораў Пушкіна і ягонай творчасці. Гэта нармальна – чытаць і захапляцца ягонымі казкамі. Мы гаворым пра мясцовую культуру, пра мясцовую традыцыю…»

«Чаму ў нас няма помнікаў Напалеону Орду? Чаму няма сучасніка Васіля Быкава? А колькі ў нас яшчэ знакамітых кампазітараў, пісьменнікаў…»

Але ж, як кажуць, даронаму каню ў зубы не глядзяць. А даронаму Пушкіну тым больш…

Ян Вярбіцкі, Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: Mikhail Metzel, TASS / Celestino Arce, Zuma Press / Forum