Дырэктар «Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў» Арсень Сівіцкі звяртае ўвагу на тое, што ў гэтай сітуацыі можа згуляць ролю знешні фактар.
«Мой прагноз такі, што Расея ўсё больш і больш успрымае Аляксандра Лукашэнку таксічным, – дае ацэнкі Сівіцкі. – Нават калі Крэмль пойдзе на падпісанне паглыбленай інтэграцыі, хутчэй за ўсё Крэмль адмовіцца ад такіх здзелак, таму што гэтыя дамовы не будуць лічыцца легітымнымі як беларускім грамадствам, так і міжнародным асяроддзем. А для Расеі зараз важна не страціць розумы і сэрцы беларусаў».
Палітолаг і кандыдат гістарычных навук Валер Карбалевіч лічыць, што адсоўванне Лукашэнкі ад улады можа стаць кепскім знакам для самога Пуціна.
«Пасля хістання Масква прыняла рашучую пазіцыю ў падтрымку Лукашэнкі і ахвяруе тым, што можа настроіць супраць сябе беларускі народ. Пуцін вельмі моцна баіцца перамогі каляровай рэвалюцыі ў Беларусі, – выказваецца Карбалевіч. – Але на далейшы працяг канфлікта могуць паўплываць рэчы, пра якія мы сёння не думаем. Банкі ўжо перасталі даваць крэдыты, ёсць сур’ёзныя праблемы з грашыма. Могуць быць нечаканыя фактары, якія паўплываюць на сітуацыю ці фактар самастрэлу. Якое-небудзь глупства чарговае зробіць улада – і ўсё паваліцца і панясецца».
Дырэктар украінскага «Інстытуту замежнай палітыкі» Яўген Магда абвяргае сцэнар вайсковага ўмяшання Расеі (як гэта здарылася ва Украіне ў 2014 годзе). Заявы Пуціна пра прызнанне Лукашэнкі легітымным і словы пра сфармаваны рэзерв сілавікоў – гэта сігнал свету, што расейцы кантралююць сітуацыю і ў выпадку патрэбы гатовыя прасоўвацца ў Беларусь больш актыўна за кошт паліцэйскіх структур, а не вайскоўцаў. Але што будзе з беларусамі, якія выходзяць пратэставаць сотнямі тысячаў?
«Для людзей тое, што яны выйшлі на пратэст, гэта ўжо дастаткова. Я перакананы, што беларускае грамадства не забудзе гэтых падзей. Але з кіеўскай званіцы гэта толькі закладваецца фундамент пераменаў, – узважвае Магда. – Я б хацеў засцерагчы, што вялікая колькасць людзей адразу спрычыніць паніку ў атачэнні Лукашэнкі і ён адразу выкіне аўтамат і кудысьці ўцячэ».
Больш пра варыянты развіцця падзеяў у Беларусі, стан грамадства і магчымыя наступствы – глядзіце ў спецвыпуску ток-шоу «Кожны з нас» (відэа вышэй).
Калаж з фота: ТК / belsat.eu і Natalia Fedosenko / TASS / Forum