Пра вайсковую годнасць і сімвалічнасць муралу з дыджэямі Перамен, выступы на плошчы Перамен і немагчымасць быць па-за палітыкаю, сённяшнюю творчую дзейнасць і розныя музычныя іпастасі, а таксама пра маскоўскі дыялект беларускае мовы і адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі гутарым з лідарам гурта N.R.M. Пітам Паўлавым.
Піт Паўлаў – беларускі рок-музыка, удзельнік і лідар розных музычных праектаў: гурт N.R.M., сольны праект Pit Pawlaw, гурт «Garadzkija», фолк-капэла PAPARAĆ. Ён – рэкардсмен дваровых канцэртаў, бо даў іх болей за сотню.
Давялося яму выступаць і перад амапаўскім ачапленнем навокал Палацу Незалежнасці. У нядзелю 23 жніўня калона пратэстоўцаў, якая крочыла праспектам Пераможцаў, спынілася перад кардонам сілавікоў. Тады наперад выйшаў Піт Паўлаў і выканаў «Тры чарапахі».
Беларуская мова «торкнула» Піта Паўлава ў школе, калі на дыктоўцы ён упершыню пачуў слова «коска». Цяпер ён нават відэаўрокі ігры на гітары вядзе па-беларуску. На ягоную думку, галоўная перашкода на шляху да беларускамоўнасці – перфекцыянізм.
«Зразумейце, што вы ўсе добра ведаеце беларускую мову. Вы проста саромеецеся выглядаць неідэальнымі, вы прызвычаіліся да перфекцыянізму і для вас расейская заўсёды была значна больш, чым для расейцаў, – тлумачыць Піт Паўлаў і жартаўліва працягвае: – Проста ведайце, што расейская – гэта вельмі развіты, але ўсё ж такі дыялект беларускай, а не наадварот. Спачатку з’явілася нашая мова, і яна значна бліжэйшая да крыніцаў. І таму, калі ў вашай беларускай нечакана з’явіцца нейкае расейскае слаўцо – гэта проста дыялект нашае мовы, маскоўскі дыялект. Таму проста з сённяшняга дня пачынайце хаця б у крамах казаць «дзякуй», «калі ласка».
Як улады ствараюць сапраўдную нянавісць да сябе? Што Піт Паўлаў, які ў свой час служыў у паветрана-дэсантных войсках, мяркуе пра паводзіны сілавікоў? Як ён ушанаваў памяць Рамана Бандарэнкі? Чаму нават «Працоўны і калгасніца» цяпер супраць Лукашэнкі? Пра ўсё гэта, а таксама пра музыку і беларускую мову – у новым выданні праграмы «Мова нанова».
У граматычнай частцы дасылаем усім «промні дабрыні» і падлічваем содні і суткі.
Вядоўцы перадачы – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская.
Бадай – рус. пожалуй
Шчыльнасць – рус. плотность
Адмоўны – рус. отрицательный
Здзекавацца – рус. издеваться
Рэчышча – рус. русло
Паўплываць – рус. повлиять
Затрымка – рус. задержка
Жалобны – рус. поминальный
Знічка = памінальная свечка, лампадка
Натуральна – рус. естественно
Анёл – рус. ангел
Дзеяч – рус. деятель
Промні / прамяні / прамені дабра
Прамень / промень – рус. луч
Карыстацца – рус. пользоваться
Іграць (на гітары, на сцэне)
Гуляць (у футбол, тэніс)
Падсілкавацца – рус. подкрепиться
Пяцёра содняў = пяць сутак
Коска – рус. запятая
Дзіўнае ўражанне – рус. странное впечатление
Уласнае адчуванне – рус. собственное ощущение
Лагодны = спакойны, мяккі
Саромецца – рус. стесняться
Крыніца – рус. источник