Пісьменнікі выбіраюць «Кнігу года»


Без крытыкаў, шорт-лістоў і журы пачала прымаць галасы літаратурная прэмія «Кніга года». Найлепшую кнігу за 2016 год абяруць самі пісьменнікі.

Прагаласаваць за сваю кнігу года можа кожны літаратар, які цягам сямі гадоў выдаў хоць бы адну кнігу ў жанрах «мастацкая проза», «нон-фікшн», «паэзія» або «эсэістыка». Літаратары маюць права прапанаваць да трох зборнікаў, выдадзеных летась па-беларуску або па-расейску. А перамога дастанецца аўтару, якога ўзгадаюць найчасцей, дзеліцца падрабязнасцямі конкурсу старшыня ПЭН-цэнтру і леташні пераможца «Кнігі года» Андрэй Хадановіч:

«Рускамоўным пісьменнікам у нас няма куды падацца… Іх нібыта як сваіх частка беларускамоўнай супольнасці не прымае. Таму мы падумалі: а хай сабе не будзе гэтых моўных абмежаванняў».

«Кніга года» не мае такіх жорсткіх умоваў спаборніцтва, як, да прыкладу, прэмія імя Ежы Гедройца або прэмія імя Цёткі, дзе спісы намінантаў фармуюцца пасля першаснага адбору.

«Кожны з тых, хто галасуе, не абавязаны прачытаць усё, што на працягу года выходзіла. Калі выбіраюцца пяцёра ці сямёра сябраў журы, якія працуюць для Гедройца або для іншай узнагароды, прадугледжваецца, што яны робяць гэта не на грамадскім пачатку, што яны – найманыя інтэлектуальныя творцы, якія мусяць якасна зрабіць сваю працу», – кажа Андрэй Хадановіч.

Традыцыя называць «Кнігу года», якую заснаваў ПЭН-цэнтр, налічвае тры гады. І калі двойчы ўзнагароджанне было сімвалічнае, то сёлета пераможца атрымае адну тысячу еўраў. Галасаваць за ўлюбёную кнігу пісьменнікі будуць на інтэрнэт-сайце «Kniha.by» да 20 лютага.

Іншыя тэмы:

Міхал Бараноўскі прэзентаваў першую кнігу паэзіі. Найперш – гарадзенцам.

Пратанцаваць можна ўсё! У Гомлі грымнуў «Танцавальны выбух».

З кнігаю ў норцы: японскія гатэлі-капсулы цяпер – са сценамі з кніг.

Юлія Лабанава, Вольга Гардзейчык belsat.eu