Пікет па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Магілёве


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – выбарчая кампанія, рэпрэсіі над актывістамі і журналістамі, эпідэмія каронавірусу. Каментары пацярпелых з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Чатыры вялізныя чаргі, цягам пяці гадзінаў, на самай прахадной плошчы гораду, перад гарвыканкамам. Так выглядаў самы масавы пікет для збору подпісаў у Магілёве за апошнія 20 гадоў. І адбыўся ён напярэдадні для падтрымання патэнцыйнай кандыдаткі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай.

Жыхары Магілёва, якія стаялі ў чэргах, каб пакінуць свой подпіс за Святлану Ціханоўскую, казалі наступнае:

«Прыйшлі падтрымаць Ціханоўскіх, мы за перамены, мы за краіну для жыцця. «Но пасаран», «Стоп прусак»… Кажуць прыходзіць з тапкамі, і мы прыйшлі з тапкам. Бо яны нам вельмі моцна спатрэбяцца, каб прыстукнуць таракана».

«Сяргей Ціханоўскі, ну, я глядзела шмат якія рэпартажы ягоныя: шчыра, праўдзіва, вось таму ён мяне гэтым і зачапіў».

«Не хочацца памерці ды так і не ўбачыць новага прэзідэнта сваёй краіны. Я маладая, але мае бацькі таксама маладыя, і іх таксама гэта не задавальняе, і бабулю, і дзядулю».

«Актыўны чалавек, шмат нічога не абяцае, проста верым у яго, і як наш паступае -не дазволілі яму, будзем спадзявацца, што жонка ўсё ж такі пройдзе».

Хоць людзей сабрала менавіта сужэнства Ціханоўскіх, тут жа свае пікеты выставілі збіральнікі подпісаў і за іншых прэтэндэнтаў. Аксана Закрэўская прадстаўляе ініцыятыўную групу Валерыя Цапкалы:

«А можна за ўсіх падпісвацца, а гэта наглядна дае, бо людзі з чэргаў проста вяртаюцца. У нас там сябра ініцыятыўнай групы ў чарзе збірае. Гэта ж дапамагае, наадварот, усім».

Людзей, паводле магілёўцаў, прыйшло багата. І гэта пасля жорсткага разгону папярэдняй акцыі Ціханоўскага 5 траўня, калі працаўнікі ДАІ ды міліцыі спынілі ў Магілёве аўтадом блогераў «Страны для жизни», а грамадзяне сталі на абарону блогераў.

«Яны быццам хацелі мяне закрыць, а атрымалася, што нават зрабілі мне рэкламу. Магілёў – гэта ўсё ж такі мая радзіма, я нарадзіўся ў Горках Магілёўскай вобласці ды спадзяюся, што людзі ў Магілёве прачнуцца, і гэта будзе такі знак», – пракаментаваў сам Сяргей Ціханоўскі.

На пікеце для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую прысутнічалі і рэпрэсаваныя магілёўцы. Уладзіміру Барэйшу суд прысудзіў 8 содняў арышту за акцыю на падтрыманне Ціханоўскага.

«Нічога там страшнага няма, кормяць больш-менш, ну, толькі што ў адзіночцы сядзеў, трошкі было напружана, а тут ужо ўсё афіцыйна, тут ужо баяцца няма чаго, трэба прыходзіць, аддаваць галасы свае», – кажа Уладзімір Барэйша.

7 содняў арышту за сустрэчу аўтадому «Страна для жизни» атрымаў прадстаўнік ініцыятывы «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў. Ён сказаў наступнае:

«Для мяне гэта вельмі важна, асабліва пасля таго, як мяне затрымалі, бо я зразумеў, што трэба даносіць людзям і свабоду большую, што гэтага менавіта сёння ўлады і баяцца, што гэта адзін з інструментаў, якім мы можам справіцца з тымі, хто захапіў уладу ўжо шмат гадоў».

Хоць людзі і прыйшлі, каб паставіць подпіс за вылучэнне Святланы Ціханоўскай, але самую прэтэндэнтку ведаюць мала ды на пікеце яе не бачылі. Як патлумачыў Сяргей Ціханоўскі, Святлана занятая арганізацыйнымі пытаннямі з ініцыятыўнаю групаю.

«Гэтая група сфармаваная з людзей, якія захацелі ў ёй браць удзел і мы іх не ведаем. Шмат у каго няма тэлефонаў, і мы ім на хатні адрас адправілі і лісты, і пасведчанні. Таму вельмі цяжка гэта ўсё арганізаваць, Святлана гэтым усім кіруе. Абяцала, што прэс-канферэнцыю са СМІ зробіць», – патлумачыў Сяргей Ціханоўскі.

А пакуль Сяргей Ціханоўскі працягвае абʼязджаць беларускія гарады і мястэчкі. На ягоным «Ю-Тʼюб»-канале ўжо анансаваныя стрымы з такіх жа пікетаў для збору подпісаў сёння ў Гомлі, заўтра – у Горадні.

Аліна Скрабунова, «Белсат»