Пхеньян «адзначыў» саміт G 20 запускам балістычных ракетаў


Саміт краінаў «Вялікае дваццаткі» у кітайскім Хан-Чжоў своеасаблівым салютам прывітала краіна-ізгой. Узброеныя сілы Паўночнай Карэі адначасова выпусцілі тры балістычныя ракеты ў кірунку Японскага мора. Інфармацыі пра пашкоджанні і пацярпелых няма.

Ракеты сярэдняй дальнасці тыпу «Но-дон» праляцелі з КНДР больш за тысячу кіламетраў і трапілі на японскія радары сістэмы паветранай абароны. Ракеты ўпалі ў ваду ў выключнай эканамічнай зоне Японіі, за 250 кіламетраў ад яе невялікай выспы. У Токіа рыхтуюць адказ на такое парушэнне рэзалюцыяў Рады Бяспекі ААН – не толькі дыпламатычны.

«Мы моцна асуджаем такія дзеянні КНДР. Урад зробіць адпаведныя крокі да ўзаемадзеяння з Радаю Бяспекі ААН, а таксама са Злучанымі Штатамі і Паўднёваю Карэяй. Урад будзе заклікаць да стрымання Паўночнае Карэі. Таксама мы падрыхтуемся да любой сітуацыі, якая можа паўстаць», – заявіў генеральны сакратар ураду Японіі Ёсіхідэ Суга.

Японскія ўлады папярэдзілі маракоў пра магчымую небяспеку і заклікалі не набліжацца да рэштак ракетаў, калі тыя трапяцца на водным шляху.

«Улічваючы той факт, што тры ракеты прывадніліся амаль у адным месцы амаль адначасова, думаю, ракетныя тэхналогіі КНДР значна ўдасканаліліся», – пракаментаваў міністр абароны Японіі Тоʼмом Інада.

Такія запускі, толькі ўдвая карацейшыя, КНДР ужо здзяйсняла ў ліпені і жніўні. Цяперашняя дальнасць паўночнакарэйскіх ракетаў дазваляе ім дасягнуць любога пункту ў Паўднёвай Карэі.

«Запуск балістычных ракетаў з боку КНДР – гэта грубае парушэнне рэзалюцыяў Рады Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Гэта сурёзная правакацыя, якая паказвае, што ракетнае ды ядравае развіццё Паўночнай Карэі стварае рэальную пагрозу суседнім краінам», – выказаў меркаванне прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Паўднёвай Карэі Чхо Чон Хёк.

У адказ на ядравую пагрозу з боку КНДР Сеул разгортвае на сваёй тэрыторыі амерыканскую проціракетную сістэму «THAAD». Комплекс можа перахапіць ракету ў радыусе двухсот кіламетраў ад мабільнай пускавой устаноўкі, пры гэтым абарончая ракета не нясе выбухоўкі, а збівае цэль толькі сваёй кінетэчнай энергіяй.

Супраць разгортвання гэтай проціракетнай сістэмы выступаюць Расея ды Кітай.

«Сёння сітуацыя на Карэйскім паўвостраве даволі складаная і далікатная. Мы спадзяемся, што ўсе зацікаўленыя бакі змогуць пазбегнуць дзеянняў, якія павышаюць напружанасць, і змогуць прыкласці агульныя намаганні для ўсталявання міру ды стабільнасці на паўвостраве», – адзначыў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Кітаю Хуа Чунь Ін.

І ў Пекіне, і ў Токіа, і ў Сеуле сённяшнія запускі ракетаў разглядаюць менавіта як правакацыю Пхеньяну з нагоды саміту «Вялікае дваццаткі».