Перад прыездам Лукашэнкі пыласосілі траву. NEXTA на Белсаце


Хаос прызямліўся ў Гародні: да прыезду Лукашэнкі платы ў некаторых месцах паліравалі зубнымі шчоткамі, а асфальт мылі ўручную мыйнымі сродкамі. У аздараўленчым комплексе «Пышкі», які наведаў Лукашэнка, напярэдадні пыласосілі нават газон, кажуць мясцовыя.

Сотні, калі не тысячы людзей рыхтавалі Горадню да прыезду Лукашэнкі. Такой колькасці дворнікаў у горадзе яшчэ не бачылі, адзначаюць мясцовыя. З узбочынаў прыбіралі пыл і лісце, раўнялі пясок, мянялі дарожныя знакі і ліхтары, а дзе-нідзе нават заварвалі люкі. Балконы ды фасады дамоў, якія выглядалі хоць крышачку неахайна, экстранна прыводзілі ў належны стан. На даўно зачыненай будпляцоўцы студэнцкага інтэрнату раптам з’явілася будаўнічая тэхніка. Карпелі і над трухлявымі дамамі, даўно прызначанымі пад знос – у іх нават замянілі вокны, хоць раней грошай на рамонт не было.

Штопраўда, новае жыццё дамы займелі толькі звонку. Усярэдзіне будынкі гэтак і засталіся аварыйнымі. Чаго не скажаш пра Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Уваход туды сёння быў толькі паводле спісаў і пашпартоў ды пасля стараннага дагляду. Для Лукашэнкі адмыслова падрыхтавалі дывановую дарожку, а аўдыторыі «ўпрыгожылі» сімвалічнаю расцяжкаю «Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь». Напярэдадні студэнтам, якія сустракаліся з Лукашэнкам, далі спіс дазволеных пытанняў і загадалі ўзгадніць вопратку, у якой яны будуць на сустрэчы.

Пасля прызямлення Лукашэнкі горад перайшоў у рэжым сапраўднага надзвычайнага становішча. На дахах дамоў – асобы ў цывільным, на кожным скрыжаванні – па ДАІшніку, каля пераходаў – некалькі асобаў з заплечнікамі ды рацыямі. Усе паркінгі ўздоўж шляху руху картэжу пустыя: аўтамабілі эвакуявалі нават супраць волі ўласнікаў. Былі праблемы і з грамадскім транспартам – большасць дарог перакрылі. Людзі спазняліся на вучобу і працу, а некаторыя баяліся выйсці з дамоў.

«Ну, як вы думалі? Калі да Качанавай ці Румаса прыходзіць госць, ён што, у хаце не прыбіраецца? А тут жа прэзідэнт прыехаў – ён можа адзін раз за пяцігодку ці за два–тры гады да цябе прыедзе. І ты што, парадак не навядзеш?», – запытаўся Лукашэнка.

Страху чыноўнікам дадавала і тое, што Горадня – адзін з самых нелюбімых Лукашэнкам гарадоў. За ўсю гісторыю свайго прэзідэнцтва ён быў тут толькі тройчы. Кажуць, што прычына няласкі – у выніках першых выбараў. Менавіта на Гарадзеншчыне Лукашэнка здабыў найменшы адсотак галасоў. З таго часу шмат хто лічыць горад апазіцыйным і празаходнім.

Як жа пры такіх звышнамаганнях мясцовага чынавенства кіраўніку краіны ацаніць «рэальны стан рэчаў» у краіне? Ці, можа, татальная паказуха, страх ды схаваная пад ім галеча – гэта і ёсць рэальны стан сённяшняй Беларусі?