Павел Усаў: Новы дэкрэт – вяртанне ў 30-ыя гады, гільяціна для беспрацоўных


Чым прынцыпова адрозніваецца Дэкрэт №1 «Аб спрыянні занятасці насельніцтва» ад Дэкрэту №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Адказ: нічым. Тыя ж намаганні ўладаў здзерці з грамадзянаў яшчэ грошай – толькі што не пад відам падатку на дармаедства, а ўжо ў выглядзе стоадсоткавай аплаты паслугаў.

Сітуацыю з новым дэкрэтам каментуе палітолаг Павел Усаў. Усё, што робіцца рэжымам Лукашэнкі, робіцца не для, а супраць людзей, кажа госць праграмы.

«Уся палітыка сацыяльная, гаспадарчая скіраваная супраць грамадства. Іншай логікі ва ўмова аўтарытарызму не можа быць. Ён эксплуатуе насельніцтва».

На думку Паўла Усава распрацоўшчыкі новага дэкрэту хацелі паказаць, што не будуць прагібацца пад пратэсты і незадаволенасць.

«Ім напляваць на грамадскую думку. Фактычна яны не спалохаліся. Яны гэтым кажуць, што ніякай лібіралізацыі не будзе, усё будзе па-старому. Гэта фактычна вяртанне ў 30-ыя гады. Стварэнне дзяржфабрыкаў, на якіх будуць працаваць нявольнікі. І пад гэтую катэгорыю »сацыяльныя/асацыяльныя эліменты« падпадацюь амаль усе, перш за ўсё тыя, хто функцыянуе ў сферы дэмакратычнага грамадства. Журналісты, таго ж «Белсату», апазіцыянеры».

Дэкрэт мае абсалютна палітычныя мэты, упэўнены Павел Усаў.

Больш глядзіце ў відэа.