Павел Усаў: Лукашэнка – ахвяра Масквы, а мы – ахвяры Лукашэнкі


Масква паставіла ўльтыматум для афіцыйнага Менску: віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзій Дварковіч заявіў, што чакаць канструктыўных прапановаў ад беларускіх калегаў па запазычанасці за газ будзе толькі «да вечара». Са студзеня да верасня доўг склаў 340 мільёнаў долараў. На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка асабіста быў у Маскве, але, відаць, гэта плёну не прынесла. Палітолаг Павел Усаў дзеліцца ў «Гарачым каментары» падрабязнасцямі сцэнару, які Расея рэалізуе ў дачыненні да Беларусі.

Захаду Лукашэнка вельмі паспяхова прадаваў міфы, Расеі – нашую незалежнасць. Тое, што мы цяпер знаходзімся ў Еўразійскім звязе, падкрэслівае сумневы таго, што ён – гарант нашай незалежнасці: беларуская палітычная і эканамічная сістэма, персанальная палітычная ўлада Лукашэнкі залежыць выключна ад падтрымання Масквы. Як толькі гэтае падтрыманне змяншаецца або заканчваецца – пачынаецца палітычны землятрус.

Прыезд Салаўёва – плявок у твар беларускаму грамадству

У Беларусі нічога не робіцца, каб рэфармаваць гаспадарку, адчыняць яе на заходнія інвестыцыі і ствараць умовы для ўласнага бізнесу, каб беларуская гаспадарка была канкурэнтаздольнай, каб выходзіла з залежнасці ад Расеі і шукала новыя рынкі. Нягледзячы на тое, што адбываецца ўва Украіне, ды тое, што Расея націскае і патрабуе базу, улады рэальна нічога не робяць, каб захаваць эканамічны суверэнітэт або – і гэта іншы момант – абараніць інфармацыйную прастору. Мы залежныя ад Расеі – і гэтага ўлада не заўважае або баіцца заўважаць. Апошні прыклад – прыезд Салаўёва. Гэта – плявок у твар беларускаму грамадству і адносінам з Украінай.

Міф пра «гаранта незалежнасці» ствараецца для Захада ў надзеі на новыя крэдыты.

Беларусы не адчуваюць пагрозы з боку Расеі

Не мяркую, што ў дачыненні да Беларусі паўторыцца сцэнар агрэсіі як ува Украіне: там усё ж такі быў выклік рэальны, калі пасля Майдану людзі адчулі магчымасць новых адносінаў з Еўропай. У Беларусі гэтага няма. Унутры беларускага грамадства няма чакання, што Беларусь развернецца. Большая частка беларусаў верыць, што Расея – сябар і хаўруснік. У беларускага грамадства няма ўнутранага намагання, каб змагацца з расейскім уплывам. Беларусы збольшага не адчуваюць, што ёсць пагроза з боку Расеі.

А сцэнар экспансіі ёсць?

Гэта паўзучая гібрыдная вайна. Самы яскравы прыклад: моцны – і паспяховы – інфармацыйны ціск напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Апроч таго, што расейцы хочуць размясціць у Беларусі базу, яны імкнуцца цалкам абмежаваць эканамічную беларускую незалежнасць. Гэта пытанне прыватызацыі найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў, якое заўсёды падымалася. Лукашэнка трымаецца за гэтае фамільнае серабро, але рэсурсаў супрацьстаяць Расеі няма, а што горш – няма палітычнай волі, каб супрацьстаяць гэтай агульнай палітычнай і эканамічнай экспансіі. Лукашэнка тут – як ахвяра. А мы – ахвяры ягонага рэжыму.

Поўную размову Сяргея Падсасоннага з Паўлам Усавым глядзіце ў відэаматэрыяле.