Павел Усаў: Калі б Расея захацела інкарпараваць Беларусь, то супраціву ніякага б не было


«Русский мир» – панятак далёка не мірны, прынамсі для тых, хто хоча захаваць уласную, нерасейскую, ідэнтычнасць. Паводле пакуль што афіцыйна непацверджанай інфармацыі, менавіта за распальванне міжнацыянальнай варожасці ў Менску затрыманы адзін з мясцовых адэптаў «русского мира» Юрый Паўлавец, гісторык і дацэнт кафедры гуманітарных навук БДУІР.

37-гадовы нарадзінец Жодзіна Паўлавец вызначаўся радыкальнымі прарасейскімі поглядамі ды актыўна публікаваўся на гэткіх прапагандысцкіх расейскіх сайтах, як «Регнум», «Западная Русь», «Русправда», eadaily.com. Што цікава, затрыманы неаднойчы крытыкаваў у сваіх допісах не толькі беларускіх патрыётаў, але і афіцыйныя ўлады нашае краіны нібыта за спрыянне нацыяналізму ды гатовасць прадаць Беларусь у абмен на заходнія крэдыты.

Доктар палітычных навук Павел Усаў падкрэсліў, што збольшага ўлады Беларусі не праводзяць сістэмнай барацьбы з расейскай прапагандай і расейскімі медыямі. Асноўная прычына апошняга затрымання адэпта «русского мира» – гэта перадусім крытыка ўладаў Беларусі, бо калі б выкладчык БДУІР абмежаваўся б выключна крытыкай ці абвінавачваннем беларускай апазіцыі, то нічога не было б, мяркуе палітолаг.

Прадстаўнікоў улады цяпер вельмі насцярожвае той факт, што прарасейскія грамадзяне Беларусі, а таксама расейскія медыі ўздымаюць пытанне, ці не прадаўся Лукашэнка Захаду. «Менавіта гэта пужае Менск на сённяшні момант, бо невядома, што крыецца (хоць мы ведаем, што крыецца) за такімі крытычнымі выказваннямі і абвінавачваннямі ў адрас беларускага рэжыму. Гэта, магчыма, глеба да далейшай інфармацыйнай вайны, а, магчыма, эканамічнай вайны, асабліва ўлічваючы той факт, што цяпер адносіны паміж Менскам і Масквой даволі напружаныя», – адзначыў Павел Усаў.

На ягоную думку, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста разумее небяспеку прарасейскіх сілаў у нашай краіне, але на цяперашні момант улады Беларусі не ведаюць, што рабіць з прарасейскім радыкалізмам, які сфармаваўся ў нашай краіне. Адмысловец заўважыў, што з самага верху ўладаў няма яснага сігналу пра тое, што ў прадстаўніках «русского мира» ёсць пэўная пагроза. Менавіта адсутнасць нейкай праграмы ды дакладнага ўказання ад уладаў, што трэба забараняць і абмяжоўваць дзейнасць прарасейскіх арганізацыяў у Беларусі, дазваляе ім дзейнічаць, падкрэсліў палітолаг.

Паводле яго, адсутнасць нармальна сфармаванай нацыянальнай ментальнасці – гэта асноўная пагроза для Беларусі і яе незалежнасці.

«Безумоўна, калі б Расея на сённяшні момант захацела інкарпараваць Беларусь пры дапамозе вайскоўцаў, то супраціву ніякага б не было, улічваючы таксама той факт, што на ўсходняй мяжы ў нас абсалютна няма нармальных абаронных частак ці інфраструктуры абароны. Усе войскі, уся сістэма абароны сканцэнтравана на захадзе», – адзначыў спадар Усаў.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu