Гарачы каментар Павел Усаў: «Апазіцыя дапамагае Лукашэнку»


Вялікая колькасць кандыдатаў з боку апазіцыі ўзмацняе Аляксандра Лукашэнку, упэўнены палітолаг Павел Усаў.

У эфіры «Гарачага каментару» доктар паліталогіі Павел Усаў пракаментаваў павелічэнне колькасці ахвотных узяць удзел у наступнай прэзідэнцкай кампаніі да шасці асобаў.

На думку эксперта, вялікая колькасць удзельнікаў выбарчай кампаніі выгодная ўладам, бо на іх фоне Аляксандр Лукашэнка будзе выглядаць больш сур’ёзным.

«На такім фоне дзейная ўлада можа атрымаць легітымнасць, бо гэткая шырокая апазіцыя не будзе мець падтрымання», – кажа Усаў.

Паводле Усава, ніхто з апазіцыянераў не ставіць стратэгічнай задачы змены ўлады.

«Асноўная мэта ўсіх удзельнікаў – напісаць, надрапаць сваё імя ў палітычнай гісторыі сучаснай Беларусі, але не змагацца за ўладу», – заяўляе Усаў.

У бліжэйшай будучыні ў Беларусі не з«явіцца кандыдат, які б якасна вылучаўся на фоне іншых апазіцыянераў, бо ў краіне няма адпаведнай палітычнай і ідэалагічнай прасторы.

«Сурʼёзная асоба ўдзельнічаць у выбарах не будзе па простай прычыне: выбараў у Беларусі няма. Уся кампанія будзе мець выключна статыстычны выгляд – яны будуць статыстамі яшчэ болей пасіўнымі, чымся ў 2010-м», – працягвае Усаў.

Палітолаг звяртае ўвагу, што ніхто з апанентаў дзейнага кіраўніка краіны не ставіць за мэту абараніць выбары як такія.

«Ну прагаласуюць за [апазіцыйных] кандыдатаў, скажам, 30 % (за іх наўрад ці прагаласуе 50 %). Улады намалююць традыцыйныя паўтары, два ці чатыры адсоткі. Якім чынам той ці іншы кандыдат будзе бараніць сапраўды вынік – невядома. Можна прыгадаць Таццяну Караткевіч у 2015-м годзе, калі шмат хто казаў, што «за яе прагаласавала каля 10 %, а ёй намалявалі 4 %». І што яна зрабіла? Яна пайшла катацца на каньках», – працягвае эксперт.

Апазіцыя не збіраецца змагацца за перамогу: яна ўдзельнічае ў выбарах толькі дзеля іміджу, каб мець магчымасць камунікаваць з прадстаўнікамі Захаду, лічыць Усаў.

«Аляксандр Лукашэнка выкарыстае гэта ў сваіх мэтах: ён пакажа, што ў Беларусі адбываюцца дэмакратычныя працэсы. І гэта задаволіць Захад», – дадае Усаў.

Глядзіце поўную размову ў відэа.

Глядзі таксама
Каментары