Паўзучая ваенная анексія Беларусі. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Тэмы выдання:

Праграма дапамогі Беларусі без Лукашэнкі. Ці Еўразвяз падтрымае «план Маршала» дзяржаваў Вышэградскай групы?

Што будзе пасля Лукашэнкі? Без расейскага падтрымання, без бясконцай дапамогі стратным прадпрыемствам і нібыта сацыяльнай палітыкі дзейных уладаў. Усё будзе добра – пераконваюць нашыя заходнія суседзі. Гэтак, польскі прэм’ер-міністр Матэўш Маравецкі ад імя дзяржаваў Вышэградскае групы, у якую акрамя Польшчы ўваходзяць Венгрыя, Славаччына ды Чэхія, прэзентуе своеасаблівы план Маршала для нашае краіны – комплекс захадаў для вываду айчыннае эканомікі з глыбокага крызісу падчас палітычных пераменаў. Усевалад Шлыкаў спрабаваў дазнацца падрабязнасці.

Навошта прылятаў у Менск міністр абароны Расеі?

Мяняецца стратэгія вайсковай супрацы Расеі з Беларуссю. Ці запрасіў Лукашэнка «зялёных чалавечкаў»? Якія тыпы ўзбраення ён мог прасіць у Пуціна? Каментуе незалежны вайсковы аналітык Аляксандр Алесін.

Еўразвяз: першы спіс санкцыяў – гэта толькі пачатак

Сітуацыі ў Беларусі застаецца напружаная, а таму Абʼяднаная Еўропа нацэленая на працяг санкцыяў. Увесь Еўразвяз сёння стаіць грамадою за беларускі народ. Рэакцыю Еўропы на падзеі ў Беларусі прэзентуе спікер Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці. Інтэрвʼю Алеся Сіліча з Пэтэрам Стана.

Гэта аванс, а не крэдыт. Ці здасць Пуцін Лукашэнку?

Пуцін не збіраецца істотна дапамагаць Лукашэнку – да гэткае высновы можна прыйсці па выніках панядзелкавых перамоваў кіраўнікоў Беларусі ды Расеі. Але ці сведчыць гэта пра курс Расеі на падтрыманне пераменаў у Беларусі? І ці можа Крэмль дамовіцца з Захадам у абыход Лукашэнкі ды такім чынам вызначыць лёс Беларусі? Сюжэт Змітра Міцкевіча.

Чаму заблакавалі санкцыі супраць людзей Лукашэнкі?

Кіпр заблакаваў новыя санкцыі Еўразвязу ў дачыненні кіраўнікоў Беларусі, адказных за правядзенне выбараў. Галоўная прычына – адмова Еўразвязу падтрымаць санкцыі для Турцыі ў сувязі са здабычай газу ў кіпрскай эканамічнай зоне. Гэта працяг даўняга канфлікту туркаў і грэкаў, кульмінацыяй якога сталася турэцкая ваенная агрэсія ў 1974 годзе і акупацыя паўночнай часткі вострава. Ці зрабілася Беларусь разменнаю манетаю ў канфлікце ва Усходнім Міжземнаморʼі ды чаму гэты рэгіён цікавіць Расею? Матэрыял Святланы Аўчаровай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у чацвер а 20:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота на прэв’ю: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum