Паўмільёна долараў каштуе разгон пратэсту?


Хто застаўся на баку Лукашэнкі? Якімі сіламі распараджаюцца ўлады для разгонаў і затрыманняў? Наколькі гэтыя сілы забяспечаныя рыштункам і якіх рэсурсаў каштуе ўладам супраціў пратэсту на розных франтах? На гэтыя ды іншыя пытанні шукаем адказы ў праграме «Давайце разбірацца».

На другі дзень пратэстаў на станцыі метро Пушкінская адбылося забойства. Conflict Intelligence Team – каманда, што расследуе ваенныя канфлікты, – змагла выявіць сярод сілавікоў, якія бралі ўдзел у разгоне пратэстоўцаў на месцы, дзе забілі Аляксандра Тарайкоўскага, – спецназ КДБ «Альфа» і спецназ МУС «Алмаз». Іхнае экіпаванне пацвярджае на здымках вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін:

«Ёсць такое падраздзяленне, у іх ёсць ліхтары на шаломах – група «Алмаз» – гэта спецназ спецназу, ён супраць крымінальнага свету, мясцовага, расейскага, а «Альфа» дзейнічае на міжнароднай арэне супраць міжнародных тэрарыстаў».

Супраць мірных пратэстоўцаў задзейнічаны не толькі АМАП і антытэрарыстычныя сілы. У Беларусі існуе спецназ унутраных войскаў – вядомы таксама пад нумарам сваёй вайсковай часткі – 3214, што ва Уруччы. Ёсць таксама спецназ памежнікаў, вядомы пад скаротам АСАМ – Атрад сілаў актыўных мерапрыемстваў. І сілы спецыяльных аперацый – у прастамоўі – армейскія дэсантнікі. І нарэшце – служба аховы прэзідэнта.

«Паводле розным ацэнак, там (у ахове прэзідэнта. – «Белсат») каля тысячы чалавек. Туды ідуць далёка не апошнія людзі, адбор яны праходзяць з улікам досведу службы ў іншых сілавых падраздзяленнях: войска, МУС і г. д.», – дадае вайсковы аналітык Ягор Лебядок.

Аналізуючы фота экіпавання сілавікоў, з вышэйпералічаных падраздзяленняў у здушэнні пратэстаў бяруць удзел усе, акрамя хіба спецназу памежнай службы.

Пры гэтым у беларускіх сілавікоў найноўшая еўрапейская зброя. Улічваючы, што з 2011 года Захад увёў супраць Менску збройнае эмбарга – у адказ на здушэнне тагачасных паслявыбарчых пратэстаў. Пытанні выклікалі і заўважаныя пад час здушэння пратэстаў польскія гумавыя кулі, вытворчасць якіх месціцца ў Пёнках, ды святлошумавыя гранаты чэшскай вытворчасці.

 

Да таго ж другі месяц беларускія сілавікі працуюць звыштэрмінова, і ўсё гэта не бясплатна. Паводле шэрагу крыніцаў «Давайце разбірацца», прэміі сілавікам у гэты перыяд ідуць ад ста рублёў за змену, каб проста пастаяць у ачапленні, да 460 рублёў на дзень для тых, хто актыўна затрымлівае людзей.

Калі браць усярэдненыя звесткі крыніцаў аб прэміях, то толькі на даплатах за разгоны бюджэт марнуе па… паўмільёна долараў за адзін дзень. Гэта без уліку выдаткаў на паліва, боепрыпасы, амартызацыю спецыяльнай тэхнікі ды вадамётаў.

Таксама ў праграме «Давайце разбірацца»:

  • Колькі бюджэтных сродкаў ідзе на ахову Лукашэнкі за год?
  • Колькі штатных адзінак у сілавым апараце і колькі сродкаў ідзе на яго ўтрыманне?
  • Што закупіла МУС напярэдадні выбараў?

Belsat.eu